Увечары 27 мая года ва ўзросце 94 гадоў у рымскім шпіталі бальніцы Columbus Hospital-Gemelli памёр кардынал Анджэло Садана.
9 мая ён быў шпіталізаваны з запаленнем лёгкіх пасля заражэння каранавірусам. Іерарх займаў пасаду Дзяржсакратара з 1991 па 2006 год, а з 2005 па 2019 быў дэканам Калегіі кардыналаў.
Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак засмучаны смерцю кардынала. Ён даслаў спачувальную тэлеграму Марыі Садана, сястры спачылага іерарха, запэўніўшы яе ў блізкасці і малітве.
Святы Айцец з удзячнасцю ўзгадаў пра служэнне кардынала Садана поруч з некалькімі яго папярэднікамі на Пасадзе святога Пятра, якія «давяралі яму важныя пасады ў ватыканскай дыпламатыі», асабліва адзначыўшы яго працу ў якасці Дзяржаўнага сакратара.
«У папскіх прадстаўніцтвах у Кіто ў Эквадоры, Уругваі і Чылі ён з запалам прысвячаў сябе клопату пра дабро народаў гэтых краін, спрыяючы дыялогу і прымірэнню. У Рымскай курыі ён выконваў сваю місію з узорнай адданасцю», — напісаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што здольнасці розума і сэрца спачылага іерарха ўзбагацілі яго самаго.
«На кожнай пасадзе ён праявіў сябе як чалавек касцёльнай дысцыпліны, як поўны любові пастыр, натхнёны жаданнем распаўсюджваць паўсюль евангельскую закваску», — падкрэсліў Папа, запэўніўшчы ў малітве за памерлага кардынала.
Анжэло Садана нарадзіўся 23 лістапада 1927 года ў Ізала-д’Асці на поўначы Італіі. Вывучаў філасофію і тэалогію ў мясцовай семінарыі, а потым атрымаў доктарскую ступень па тэалогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце і па кананічным праве ў Папскім Латэранскім універсітэце ў Рыме. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1950 годзе. Праходзіў фармацыю ў Папскай касцёльнай акадэміі. З 1959 года знаходзіўся на дыпламатычнай службе Святога Пасаду. Працаваў у нунцыятурах у Эквадоры, Уругваі і Чылі. З 1968 па 1978 год на службе ў Радзе па грамадскіх справах Касцёла.
У 1978 годзе стаў арцыбіскупам і нунцыем у Чылі. З 1988 года — сакратаром Рады па грамадскіх справах Касцёла, а пасля рэарганізацыі Рымскай курыі згодна з Апостальскай канстытуцыяй Pastor Bonus узначаліў Секцыю па адносінах з дзяржавамі ў Дзяржаўным сакратарыяце.
У 1991 годзе Ян Павел ІІ надаў іерарху кардынальскую годнасць і прызначыў сваім Дзяржаўным сакратаром. У 2002 годзе іерарх стаў віцэ-дэканам Калегіі кардыналаў.
У 2005 годзе Бэнэдыкт XVI пацвердзіў кардынала Садана на пасадзе Дзяржсакратара і ўхваліў яго абранне на пасаду Дэкана Калегіі кардыналаў, якую сам займаў да абрання на Пасад святога Пятра. Праз некалькі месяцаў Пантыфік прыняў просьбу іерарха аб адстаўцы з пасады Дзяржаўнага сакратара і прызначыў на яе кардынала Тарчызіё Бэртонэ. У 2019 годзе Папа Францішак прыняў просьбу кардынала Садана аб адстаўцы з пасады Дэкана Калегіі кардыналаў.
Пасля смерці кардынала Анджэло Садана Калегія кардыналаў складаецца з 208-і іерархаў, з якіх 117 з’яўляюцца выбаршчыкамі і 91 не мае права голасу на канклаве.