Пошук

19.05.2022 10:27   Vatican News
Фота: АР

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны старасці, падчас агульнай аўдыенцыі, якая 18 мая прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак звярнуў увагу на заключную частку старазапаветнай Кнігі Ёва — «вяршыні сусветнай літаратуры».

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец заклікаў перачытаць яе «без забабонаў і абагульненняў».

Папа назваў Ёва «сведкам веры, які не пагадзіўся з „карыкатурай“ на Бога, але гучна пратэставаў перад абліччам зла, пакуль Бог не адказаў і не адкрыў сваё аблічча».

«Нам будзе карысна павучыцца ад яго, каб перамагчы спакусу маралізатарства перад абліччам абурэння і спустошанасці, выкліканых болем ад страты ўсяго», — дадаў Пантыфік.

Нябесны Айцец праславіў Ёва за тое, што ён зразумеў таямніцу ласкавасці Бога, схаваную за Яго маўчаннем, — нагадаў Папа, падкрэсліўшы таксама, што Пан «папракаў сяброў Ёва, якія лічылі, што ведаюць пра Бога і пакуты ўсё» і «асуджалі Яго ў адпаведнасці са сваімі шаблонамі».

«Няхай Бог захавае нас ад такой крывадушнай і саманадзейнай маралізатарскай рэлігійнасці», — выказаў пажаданне Святы Айцец.

Ён заўважыў, што, нягледзячы на ўсе цярпенні, Ёў не стаў абвінавачваць Бога, а Пан аддзячыў яму: вярнуў усе даброты ў падвоеным памеры і папрасіў маліцца за яго сяброў. «Прыпавесць Кнігі Ёва драматычным і ўзорным чынам паказвае тое, што на самай справе здараецца ў жыцці: гэта значыць, што на чалавека, сям’ю ці народ, абрынаюцца вельмі цяжкія выпрабаванні, непрапарцыянальныя чалавечай маласці і ўразлівасці», — падкрэсліў Папа, адзначаючы, што некаторыя людзі атрымліваюць столькі няшчасцяў, што гэта здаецца па-сапраўднаму празмерным і несправядлівым». «Мы ўсе ведаем такіх людзей» і захапляемся «непахіснасцю іх веры і любові», — дадаў Пантыфік.

«Я маю на ўвазе бацькоў дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці, або людзей, якія жывуць з невылечнымі хваробамі ці членаў сям’і, якія апякуюцца імі. Гэтыя сітуацыі часта абцяжарваюцца недахопам эканамічных рэсурсаў», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла, адносячы да падобных цяжкасцяў таксама наступствы пандэміі COVID-19 і вайну ва Украіне.

«Ці можам мы апраўдваць гэтыя „эксцэсы“ як вышэйшую рацыю прыроды і гісторыі? Ці можам благаслаўляць гэта з рэлігійнага пункту гледжання, як заслужаны адказ на правіны ахвяр? — Не можам», — падкрэсліў Святы Айцец, нагадаўшы, што «існуе пэўнага роду права ахвяры на пратэст перад абліччам таямніцы зла», які вядзе да новага вызнання веры, падобнага на тое, якое з перспектывы багатага жыццёвага досведу могуць рабіць пажылыя людзі.

Папа патлумачыў, што пажылыя бачылі вельмі шмат стратаў, і даючы сведчанне таго, як «пачуццё крыўды за страту ператвараецца ў непахіснасць у чаканні спаўнення Божага абяцання, становяцца неад’емнай падтрымкай для грамадства, якое сутыкаецца з празмерным злом». «Позірк вернікаў, скіраваны на Укрыжаванага, вучыць менавіта гэтаму», — дадаў Святы Айцец, заклікаўшы вучыцца ад шматлікіх бабуль і дзядуль, што злучаюць сваю малітву, часам невымоўную, з малітвай Божага Сына, які на крыжы аддаў дух свой у рукі Айца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа