Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 27 красавіка прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак працягуў цыкл катэхез на тэму старасці, засяродзіўшы ўвагу на Кнізе Руты.
Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец назваў гэтую кнігу Старога Запавету «біблійнай пярлінай», якая «паказвае прыгажосць сямейных повязяў, што ўзнікаюць у адносінах сужэнскай пары, але выходзяць за межы сужэнства».
Такія повязі «складаюць сямейную граматыку любові», што нясе «жыццядайныя сокі і творчую мудрасць у сукупнасць адносін, якія ўтвараюць грамадства», — дадаў Папа.
Кніга Руты разам з Песняй песняў Саламона з’яўляюцца нібыта дзвюма палавінкамі «дыптыха сужэнскай любові» — яна «таксама важная, таксама істотная, праслаўляе сілу і паэзію, якія павінны прысутнічаць у повязях пакаленняў, сваяцтва, самапрысвячэння і вернасці, што ахопліваюць усё сямейнае сузор’е» і «становяцца здольнымі ў драматычных перыпетыях жыцця пары несці сілу няўяўнай любові, што мае моц вяртаць надзею і будучыню», — запэўніў Святы Айцец.
Ён заўважыў, што «агульнапрынятыя стэрэатыпы адносна сямейных сувязяў, асабліва паміж свекрывёю і нявесткай, супярэчаць гэтай перспектыве», але «менавіта па гэтай прычыне Божае слова становіцца каштоўным». «Натхненне, якое дае вера, можа адкрыць далягляд сведчання насуперак самым распаўсюджаным забабонам», — падкрэсліў Пантыфік, заклікаўшы вернікаў адкрыць для сябе пасланне аб любові і сям’і, якое ўтрымліваецца ў Кнізе Руты.
«Гэтая невялікая кніга таксама змяшчае ў сябе каштоўнае вучэнне аб саюзе паміж пакаленнямі: дзе маладосць аказваецца здольнай вярнуць энтузіязм старасці <…>, там старасць выяўляецца здольнай зноў адкрыць будучыню для параненай маладосці», — падкрэсліў Пантыфік.
Папа Францішак нагадаў, што ў Кнізе Руты распавядаецца гісторыя Наамі — пажылой жанчыны, якая пасля смерці мужа і двух сыноў пажадала, каб яе аўдавелыя нявесткі-чужаземкі вярнуліся да свайго народу і пачалі будаваць новае жыццё. Але адна з іх — Рут — адмовілася ад гэтай шчодрай прапановы. «У некаторых выпадках схільнасць пажылых да песімізму патрабуе супраціву праз поўны любові напор маладых», — заўважыў Папа.
«Насамрэч, Наамі, узрушаная адданасцю Руты, выйдзе са свайго песімізму і нават возьме ініцыятыву, каб адкрыць перад Рутай новую будучыню», — сказаў Святы Айцец. Ён нагадаў, што Наамі заахвоціла сваю аўдавелую нявестку знайсці сябе новага мужа ў Ізраэлі — ім стаў Боаз, які прадэманстраваў сваю высакароднасць, абараніўшы Руту ад залежных ад яго людзей. «На жаль, такія пагрозы існуюць таксама і сёння», — зазначыў Пастыр паўсюднага Касцёла.
Папа падкрэсліў, што вера і любоў дазваляюць пераадолець шматлікія цяжкасці і забабоны. «І ўсё гэта таму, што маладая Рут старанна захоўвала вернасць повязям, якім пагражалі этнічныя і рэлігійныя забабоны», а «пажылая Наамі ўзяла на сябе ініцыятыву, каб нанава адкрыць будучыню для Руты замест таго, каб проста карыстацца яе падтрымкай».
«Калі маладыя людзі адкрыюцца на ўдзячнасць за тое, што атрымалі, а пажылыя праявяць ініцыятыву, каб нанава адкрыць іх будучыню, тады нішто не зможа спыніць росквіт Божых благаслаўленняў паміж народамі!», — пажадаў Святы Айцец. Напрыканцы катэхезы Папа Францішак заклікаў моладзь і пажылых людзей да дыялогу, адзначыўшы, што дзякуючы гэтаму «масту», які неабходна будаваць, будзе прыходзіць збаўленне і шчасце.