Пошук

31.03.2022 11:07   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: L’Osservatore Romano via Pinterest

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 30 сакавіка прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны старасці.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец звярнуў увагу на духоўную адчувальнасць, уласцівую пажылым людзям. У якасці прыкладу ён указаў на сведчанне Сімяона і Ганны з Евангелля паводле святога Лукі, адзіным сэнсам жыцця якіх было чаканне прыйсця Месіі, якога яны змаглі распазнаць у Дзіцятку Езусе.

Папа зазначыў, што вернасць у чаканні абвастрае пачуцці. «Старасць, так ці інакш, аслабляе адчувальнасць арганізма», але «Святы Дух робіць больш вострымі пачуцці душы, каб не прапусцілі моманту прыйсця Пана і былі яшчэ больш гатовымі прыняць Яго», — заўважыў Пантыфік.

На думку Святога Айца, сёння як ніколі патрэбныя пажылыя людзі, надзеленыя «духоўнымі пачуццямі і здольныя распазнаваць Божыя знакі; сапраўдны Божы знак, якім ёсць Езус».

Ён заўважыў, што знікненне духоўнай адчувальнасці з’яўляецца «шырока распаўсюджаным сіндромам у грамадстве, якое культывуе ілюзію вечнай маладосці», а «самая небяспечная рыса» гэтай з’явы заключаецца ў несвядомасці. Чалавек можа ігнараваць страту адчувальнасці душы на працягу доўгага часу, не заўважаць яе, не распазнаваць прысутнасць Бога ці прысутнасць зла: у выніку ён не разумее ні спагады, ні літасці, не адчувае ні сораму, ні згрызотаў сумлення, ні ўласнай адказнасці, ні болю за іншых.

Папа падкрэсліў, што «першай ахвярай гэтай страты адчувальнасці» становяцца менавіта пажылыя людзі.

«У грамадстве, якое адчувальнае толькі да задавальненняў, змяншаецца ўвага да ўразлівых і пераважае спаборніцтва пераможцаў», — канстатаваў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў, што нават інклюзіўная рыторыка — рытуальная формула любога паліткарэктнага дыскурса — пакуль не прыносіць сапраўдных змен у практыку нармальнага суіснавання: «культура сацыяльнай пяшчоты прарастае з цяжкасцю», а «дух агульначалавечага братэрства становіцца нібыта адзеннем, якое больш не ўжываецца, на якое трэба толькі глядзець, як у музеі <…>», — з жалем дадаў Папа.

Ён лічыць, што ў гэтым кантэксце важным з’яўляецца прыклад святых Сімяона і Ганны, «адчувальных да Духа», якія распазналі ў Дзіцятку Езусе «надзейны знак Божага наведвання» і пагадзіліся быць не галоўнымі дзеючымі асобамі, а ўсяго толькі сведкамі. Сімяон і Ганна адчулі моцнае ўзрушанне і суцяшэнне, таму што «маглі ўбачыць і абвяшчаць тое, што гісторыя іх пакалення не згубілася і змарнавалася», — сказаў Папа, падкрэсліўшы, што толькі духоўная сталасць можа даць такое пакорнае і асляпляльнае сведчанне, робячы яго аўтарытэтным і ўзорным для ўсіх.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.