16 сакавіка, у другой палове дня, Папа Францішак меў размову з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам Гундзяевым. Яна была сканцэнтравана вакол тэмы вайны ва Украіне.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфіка і Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы суправаджалі адпаведна кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, і Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён Алфееў, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату.
Кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні, адказваючы на пытанні журналістаў, паведаміў, што цэнтральнай тэмай сустрэчы ў віртуальнай прасторы стала «вайна ва Украіне і роля хрысціянаў і іх пастыраў у тым, каб зрабіць усё для таго, каб панаваў мір».
Пантыфік пагадзіўся з Патрыярхам, што «Царква павінна карыстацца не мовай палітыкі, а мовай Езуса».
«Мы з’яўляемся пастырамі таго ж Святога Народа, які верыць у Бога, у Найсвяцейшую Тройцу, у Святую Багародзіцу, таму мы павінны аб’яднацца ў намаганні дапамагчы ў рэалізацыі міру, дапамагчы тым, хто пакутуе, павінны шукаць шляхі міру і спынення агню», — адзначыў Святы Айцец.
Суразмоўцы падкрэслілі «выключную важнасць бягучага перамоўнага працэсу», паколькі, як сцвердзіў Папа, самую вялікую цану на гэтай вайне плацяць расійскія салдаты і людзі, якія гінуць пад бамбёжкамі.
«Як пастыры, мы абавязаны заставацца побач і дапамагаць усім людзям, якія пакутуюць ад вайны. Калісьці ў нашых Касцёлах таксама казалі аб „святой“ ці „справядлівай“ вайне. Сёння мы не можам так казаць. Развіваецца хрысціянскае ўсведамленне важнасці міру», — дадаў Святы Айцец.
Папа Францішак і Патрыярх Кірыл пагадзіліся з тым, што Касцёл і Царква пакліканы спрыяць умацаванню міру і справядлівасці». Пантыфік заключыў:
«Войны заўсёды несправядлівыя. Бо той, хто расплочваецца, — гэта народ Божы. Нашыя душы не могуць не плакаць, бачачы дзяцей, забітых жанчын, усіх ахвяраў вайны. Вайна ніколі не можа быць шляхам. Дух, які нас яднае, просіць нас як пастыраў дапамагчы людзям, якія пакутуюць ад вайны», — зазначыў Папа Францішак.