Пошук

14.03.2022 17:07   Catholic.by
Новаабраны Папа Францішак на балконе базылікі святога Пятра. 13 сакавіка 2013 года / Фота: Gennari

13 сакавіка Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч ад імя епіскапату і вернікаў Беларусі скіраваў Папу Францішку віншаванне з нагоды дзявятай гадавіны яго абрання біскупам Рыма.

«Прыміце нашы найлепшыя пажаданні, у якіх мы давяраем Богу ўсё, што Ваша Святасць носіць у сваім сэрцы!

Хочам выказаць Вам глыбокую ўдзячнасць за нястомную прысутнасць Вашай Святасці на стырне Пятровага чаўна, які пакутуе ад шматлікіх небяспек і выпрабаванняў у гэты драматычны час», — напісаў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Ён выказаў асаблівую падзяку Святому Айцу за тое, што ён заўсёды ставіць чалавечую годнасць у цэнтры ўвагі, абапіраючы яе на Божым вобразе, утоеным у чалавеку, адзначыўшы, што гэты вобраз часта патрабуе ачышчэння.

«Дапамогай у гэтым ёсць таксама сведчанне Вашай Святасці і словы, звернутыя да нас кожны дзень, — моцныя і ў той жа час поўныя пяшчотнай любові, глыбока чалавечныя і адначасова Божыя. Гэта асабліва важна сёння, калі між краінамі няма міру і нават вядуцца войны.

Таму Вашыя словы і сведчанне, якія нясуць веру і надзею, агульначалавечыя і духоўныя каштоўнасці — гэта сапраўды вялікі дар для ўсіх нас», — адзначыў біскуп Буткевіч.

На заканчэнне Старшыня ККББ запэўніў Папу Францішка: «Беларусь любіць Вас, моліцца за Вас, чакае Вас і просіць Вашага бласлаўлення!»

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.