Пошук

09.03.2022 10:22   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фотакалаж: Reuters / Remo-Casilli – Reuters

8 сакавіка адбылася тэлефонная размова паміж Дзяржаўным Сакратаром Яго Святасці Папы Францішка кардыналам П’етро Паралінам і міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым.

Як са спасылкай на прэс-сакратара Святога Пасаду Матэо Бруні паведаміла Украінская рэдакцыя парталу Vatican News, у размове кардынал Паралін паўтарыў Лаўрову тое, да чаго неаднаразова заклікаў Папа Францішак, а менавіта неадкладна спыніць баявыя дзеянні.

Кардынал Дзяржсакратар запэўніў кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Расіі ў гатоўнасці Святога Пасаду да любой формы пасрэдніцтва, якая можа быць карыснай для спрыяння міру.

Кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні ў адказ на пытанні журналістаў сказаў:

«Я пацвярджаю факт тэлефоннай размовы паміж кардыналам Дзяржсакратаром і расійскім міністрам замежных спраў. Кардынал перадаў глыбокую занепакоенасць Папы Францішка вайною, што працягваецца ва Украіне, і паўтарыў тое, пра што Папа казаў у мінулую нядзелю падчас малітвы „Анёл Панскі“.

Акрамя таго, ён паўтарыў заклік спыніць узброенае наступленне, гарантаваць гуманітарныя калідоры для грамадзянскага насельніцтва і тых, хто аказвае дапамогу, і каб насілле зброі саступіла месца перамовам. У гэтым сэнсе Дзяржаўны Сакратар яшчэ раз пацвердзіў гатоўнасць Святога Пасаду зрабіць усё магчымае для таго, каб паслужыць дасягненню гэтага міру», — сказаў Матэо Бруні.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця