Пошук

04.03.2022 11:28   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: CNS photo / Paul Haring

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 2 сакавіка прайшла ў Ватыкане, Папа Францішак працягнуў цыкл катэхез, прысвечаных старасці, і прапанаваў паразважаць пра даўгалецце і важнасць узаемнай падтрымкі паміж пакаленнямі.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец спаслаўся на кнігу Быцця, у якой гаворыцца, што старазапаветныя патрыярхі жылі на працягу стагоддзяў пасля таго, як сталі бацькамі сваіх дзяцей. Гэта, паводле Папы, «мае глыбокае сімвалічнае значэнне».

Пантыфік заўважыў, што самыя раннія моманты чалавечай гісторыі патрабавалі «павольнай і працяглай ініцыяцыі», бо людзям, створаным на «вобраз і падабенства Бога», але пазначаным «уразлівасцю смяротнага жыцця», патрабавалася ўзаемная падтрымка, каб «расшыфраваць досвед і пазнаць таямніцы жыцця».

Папа заўважыў, што сёння наша існаванне суправаджаецца празмернай хуткасцю, таму маладыя людзі маюць патрэбу ў падтрымцы мудрасці пажылых людзей, што ўжо асэнсоўваюць шкоду, якую наносіць паспешлівасць. Папа Францішак дадаў, што старасць, безумоўна, мае больш павольны рытм жыцця, але яна не з’яўляецца перыядам бяздзейнасці. Калі паміж пакаленнямі будзе падзел, тады гэты рытм застанецца закрытым для ўсіх, сказаў Папа, падкрэсліўшы, што разуменню гэтага павінен спрыяць Сусветны дзень дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які ён устанавіў у Касцёле.

«Саюз паміж двума крайнімі пакаленнямі жыцця — дзецьмі і пажылымі — дапамагае таксама і двум іншым — моладзі і дарослым — наблізіцца адно да аднаго, каб зрабіць жыццё кожнага чалавека больш багатым чалавечнасцю», — падкрэсліў Папа Францішак.

Святы Айцец заклікаў садзейнічаць сустрэчы паміж пакаленнямі, бо «калі не будзе дыялогу паміж моладдзю і пажылымі», кожнае пакаленне застанецца ізаляваным: моладзь не будзе атрымліваць сілы ад каранёў, якімі з’яўляюцца іх бабулі і дзядулі.

Пантыфік падкрэсліў, што дыялог паміж пакаленнямі — гэта чалавечая неабходнасць, асабліва калі гаворка ідзе пра дыялог паміж бабулямі, дзядулямі і іх унукамі. Папа зазначыў таксама, што сучаснае грамадства «спісвае ва ўтыль многіх нежаданых дзяцей і многіх пажылых», ізалюючы іх у прытулках ці дамах састарэлых. На думку Пантыфіка, неабходна мудрасць, каб «губляць час» з дзецьмі, унукамі, але таксама з пажылымі людзьмі, бо ўсе яны ўмацоўваюць чалавечую сям’ю і даюць іншую здольнасць бачыць жыццё.

Клопат пра пажылых людзей, паводле Папы, «вяртае ўсім любоў да нашага ўразлівага жыцця». «Рытмы старасці — гэта неад’емны рэсурс для разумення сэнсу жыцця, пазначанага часам», а таксама дапамагаюць разумець, што напрамак жыцця скіраваны да Бога, дадаў ппастыр паўсюднага Касцёла.

Паводле яго, той факт, што чалавечае жыццё цяпер становіцца даўжэйшым, «дае нам магчымасць паглыбіць саюз паміж усімі перыядамі жыцця, а таксама з сэнсам жыцця ва ўсёй яго паўнаце».

Папа Францішак сцвердзіў, што саюз паміж пакаленнямі з’яўляецца неад’емным, бо грамадства без дыялогу паміж маладымі і пажылымі застанецца без плёну і будучыні.

Абноўлена 04.03.2022 11:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця