Папская рада па новай евангелізацыі абвясціла конкурс на лепшы лагатып Святога 2025 года. Конкурс распачынаецца 22 лютага і будзе працягвацца да 20 мая 2022 года.
Як са спасылкай на гэтае ведамства Святога Пасаду паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, афіцыйны лагатып павінен выражаць спецыфіку і асаблівую духоўную тэму Святога года, «утрымліваючы ў сябе тэалагічны сэнс, вакол якога развіваецца і адбываецца гэтая гістарычная падзея».
Зазначаецца таксама, што карысная інфармацыя для стварэння лагатыпу змешчана ў лісце Папа Францішка да старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі аб абвяшчэнні Юбілею, але галоўнай крыніцай натхнення, безумоўна, павінен стаць дэвіз Святога года: «Пілігрымы надзеі».
Удзел у конкурсе могуць узяць усе ахвотныя, згаджаючыся з яго рэгламентам, у якім змешчаны ўсе неабходныя ўказанні для прадстаўлення ўласнай працы на разгляд журы.
Больш падрабязная інфармацыя пра конкурс на лепшы лагатып Юбілею 2025 года даступная на сайце www.iubilaeum2025.va, дзе неўзабаве з’явіцца магчымасць для запампоўвання файлаў з конкурснымі прапановамі. Рэсурс даступны на англійскай і італьянскай мовах.