Пошук

10.02.2022 10:44   Паводле: Vatican News
Фота: SIR / Marco Calvarese

У катэхезе падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі ў сераду 9 лютага Папа Францішак звярнуў увагу на тое, што толькі дзякуючы веры ва ўваскрасенне Хрыста мы можам падысці да бездані смерці без страху.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец нагадаў, што Божы народ здаўна ўшаноўваў святога Юзафа як апекуна добрай смерці. Гэта пабожнасць грунтуецца на меркаванні, што ён памёр на руках Панны Марыі і Езуса перш, чым яны пакінулі дом у Назарэце. Папа нагадаў словы Бэнэдыкта XV, які стагоддзе таму пісаў, што «праз Юзафа мы ідзем непасрэдна да Марыі, а праз Марыю — да крыніцы ўсялякай святасці, да Езуса». Гэты Пантыфік таксама заклікаў біскупаў падтрымліваць і пашыраць брацтвы і супольнасці, якія моляцца ў інтэнцыі добрай смерці і за паміраючых.

«Дарагія браты і сёстры, магчыма, некаторыя з нас думаюць, што гэтая тэма з’яўляецца проста спадчынай мінулага, але на самай справе нашыя адносіны са смерцю ніколі не звязаныя з мінулым; яны звязаныя з сённяшнім днём», — сказаў Папа Францішак, заўважыўшы, што «так званая культура „дабрабыту“ намагаецца схаваць рэальнасць смерці, але яна была рэзка падкрэслена пандэміяй каронавіруса». «Многія браты і сёстры згубілі дарагіх людзей, не маючы магчымасці быць побач з імі, і гэта зрабіла смерць яшчэ больш цяжкай да прыняцця і асэнсавання», — дадаў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што людзі імкнуцца рознымі спосабамі аддаліць ад сябе думкі пра смерць, думаючы, што такім чынам змогуць «пазбавіць смерць сілы і прагнаць страх». Хрысціянская вера, аднак, «не выбаўляе ад страху смерці, а дапамагае нам сустрэцца з ёю». «Сапраўднае святло, якое асвятляе таямніцу смерці, паходзіць з уваскрасення Хрыста», бо «толькі дзякуючы веры ва ўваскрасенне Хрыста мы можам падысці да бездані смерці без страху». «Больш за тое: мы можам надаць смерці станоўчую ролю, бо разважанне пра яе, асветленае таямніцай Хрыста, дапамагае нам паглядзець новымі вачыма на ўсё жыццё», — сказаў Папа.

Ён падкрэсліў, што перад абліччам непазбежнасці смерці бессэнсоўна назапашваць матэрыяльныя даброты: варта «назапашваць любоў, здольнасць дзяліцца, не заставацца абыякавымі перад абліччам людскіх патрэб». Таксама няма сэнсу у сварках з братам, сястрой, сябрам, сваяком, ці братам і сястрой у веры, калі мы аднойчы памром.

«Перад абліччам смерці многія пытанні пераацэньваюцца: лепш памерці, прымірыўшыся, не пакідаючы крыўд і шкадаванняў», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён звярнуў увагу на два актуальныя аспекты, звязаныя са смерцю. Першы заключаецца ў тым, што смерці немагчыма пазбегнуць, і менавіта таму, «настойлівая тэрапія» становіцца амаральнай пасля таго, як зрабілі ўсё, што па-чалавечы магчыма для лячэння хворай асобы. Другі аспект датычыцца паліятыўнай медыцыны, якая дапамагае памерці па-чалавечы. Папа заўважыў, што яна не павінна блытацца з непрымальнымі падыходамі, якія вядуць да эўтаназіі.

«Мы павінны суправаджаць людзей падчас смерці, але не павінны выклікаць смерць ці садзейнічаць у якой-кольвечы форме самагубству. Нагадваю, што перавага павінна заўсёды аддавацца праву на лячэнне і лячэнне для ўсіх, каб самыя слабыя, у прыватнасці пажылыя і хворыя, ніколі не „спісваліся ва ўтыль“», — сказаў Пантыфік, падкрэсліўшы, што «правам чалавека з’яўляецца жыццё, а не смерць, якая павінна прымацца, а не ўдзяляцца». Святы Айцец крытычна выказаўся пра падыход, у межах якога адбываецца ўскоснае «знішчэнне» пажылых людзей, калі ім даюць менш лекаў, чым неабходна, каб прыспешыць іх смерць.

«Няхай святы Юзаф суправаджае нас у перажыванні таямніцы смерці найлепшым чынам. Для хрысціяніна добрая смерць з’яўляецца сустрэчай з міласэрнасцю Бога, які набліжаецца да нас таксама ў гэты апошні момант нашага жыцця», — сказаў Папа Францішак.

Святы Айцец завяршыў катэхезу малітвай за паміраючых.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа