Першыя вынікі сінадальнага шляху, якім Касцёл пачаў ісці каля трох месяцаў таму, былі падведзены падчас пасяджэння XV Звычайнай Рады Сіноду Біскупаў, якое прайшло ў Ватыкане 27 студзеня.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, 98% Канферэнцый Біскупаў і Сінодаў Усходніх Касцёлаў ва ўсім свеце прызначылі адказную асобу ці цэлую каманду для ажыццяўлення сінадальнага працэсу.
Таксама пры пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была створана адмысловая Сінадальнай камісія, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
У выніковым дакуменце Рады падкрэсліваецца, што асаблівы энтузіязм зыходзіць ад свецкіх вернікаў і кансэкраваных асоб і выражаецца ў шматлікіх ініцыятывах, скіраваных на правядзенне дыскусій і касцёльнага распазнання, што пацвярджаюць многія сведчанні, якія прыходзяць з розных частак свету ў Генеральны сакратарыят. «Яны з’яўляюцца не толькі прычынай надзеі, але таксама і знакам таго, што Святы Дух дзейнічае», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што сінадальны працэс прымаецца з радасцю і энтузіязмам у краінах Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Азіі. Асабліва было ацэнена прадаўжэнне фазы слухання Божага народа. Звяртаецца ўвага на экуменічны аспект сінадальнага шляху: «таксама з боку іншых хрысціянскіх супольнасцяў назіраецца пэўны энтузіязм і жаданне зрабіць унёсак на шляху, які распачаў Каталіцкі Касцёл». Што датычыцца міжрэлігійнага вымярэння, яно мае месца ў краінах, дзе хрысціяне з’яўляюцца меншасцю.
Заўважаецца, што многія мясцовыя Касцёлы стварылі сайты і старонкі ў сацыяльных сетках, прысвечаныя Сіноду. У сваю чаргу Генеральны сакратарыят мае не толькі галоўны партал (www.synod.va), але таксама спецыяльны сайт, на якім збіраецца інфармацыя пра лакальныя ініцыятывы (www.synodresources.org), і сайт, прысвечаны малітве за Сінод (www.prayforthesynod.va).
Пра тое, як ідзе сінадальны шлях у Беларусі і ў свеце, можна даведацца ў спецыяльным раздзеле «Сінод 2023» на партале Catholic.by.
У дакуменце Рады канстатуецца страх і ўстрыманне ад сінадальнага працэсу з боку некаторых груп свецкіх вернікаў і духавенства; назіраецца пэўнага роду недавер свецкіх, выкліканы сумневамі адносна таго, што іх унёсак будзе па-сапраўднаму ўзяты пад увагу.
Правядзенню сінадальных сустрэч з фізічным удзелам вернікаў перашкаджае актуальная эпідэмічная сітуацыя, аднак «кансультацыі з Божым народам не могуць абмяжоўвацца простым анкетаваннем, бо сапраўдным выклікам сінадальнасці з’яўляецца ўзаемнае слуханне і супольнае распазнанне», — гаворыцца ў паведамленні.
Звычайна Рада сфармулявала пяць выклікаў, якія стаяць перад Касцёлам на сінадальным шляху:
- патрэба ў фармацыі, асабліва ў сферы слухання і распазнання, каб Сінод стаў сапраўдным духоўным працэсам і не зводзіўся да ўзроўню парламенцкіх дэбатаў;
- пазбяганне самадастатковасці падчас сустрэч у групах, бо ўзаемнае слуханне, якое грунтуецца на малітве і слуханні Божага слова, не можа не весці да адкрытасці на іншых у святле абвяшчэння Евангелля. Сінадальны Касцёл — гэта місійны Касцёл, у якім кожны ахрышчаны адчувае сябе суадказным за місію Касцёла;
- патрэба знайсці новыя магчымасці, каб палепшыць удзел моладзі;
- уключэнне тых, хто жыве на ўскраінах касцёльных інстытуцый;
- дэзарыентацыя, якая выражаецца з боку духавенства.
На завяршэнне дакумента адзначаецца, што Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў рыхтуе спецыяльную Заўвагу, адносна напісання «справаздач» дыяцэзіямі і епіскапатамі.
У ёй «прапануецца ідэя, што стварэнне справаздачы павінна быць актам распазнання, можна сказаць, плёнам духоўнага працэсу і каманднай працы».