Традыцыйная катэхеза Папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі, якая 2 лютага прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, стала заключнай у яго катэхетычным цыкле, прысвечаным святому Юзафу.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік прапанаваў паразважаць над еднасцю святых: «важным аспектам веры, які можа ўзбагаціць наша хрысціянскае жыццё, а таксама палепшыць нашыя адносіны са святымі і нашымі памерлымі блізкімі».
Пантыфік зазначыў, што часам хрысціянства можа ўпадаць у такія формы пабожнасці, якія, здаецца, больш адлюстроўваюць язычніцкае мысленне, а не хрысціянскае.
«Фундаментальная адметнасць заключаецца ў тым факце, што наша малітва і пабожнасць вернага народа не грунтуецца на ўскладанні надзеі на чалавека, на пэўны абраз або аб’ект, нават калі і ведаем, што яны з’яўляюцца святымі», — сказаў Папа, нагадаўшы пры гэтым словы прарока Ераміі: «Пракляты муж, які спадзяецца на чалавека, <…> Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана» (Ер 17, 5–7).
«Таму, калі цалкам давяраемся заступніцтву нейкага святога, ці тым больш Панны Марыі, наш давер мае вартасць толькі ў адносінах да Хрыста», — падкрэсліў Папа Францішак, дадаўшы, што повязь, якая яднае нас з Ім і паміж сабою, мае асаблівую назву: «еднасць святых». «Гэта не святыя здзяйсняюць цуды, а толькі Божая ласка дзейнічае праз іх», — патлумачыў Святы Айцец, заўважыўшы, што святыя — толькі пасярэднікі.
Папа спаслаўся на Катэхізіс, у якім гаворыцца, што Касцёл з’яўляецца менавіта еднасцю святых — супольнасцю не выбраных, а «збаўленых грэшнікаў».
«Наша святасць — гэта плён любові Бога, якая аб’явілася ў Хрысце. Ён нас асвячае, любячы нас у нашай мізэрнасці і выбаўляючы ад яе», — сказаў Пантыфік, нагадаўшы словы святога Паўла, які вучыў, што дзякуючы Хрысту мы з’яўляемся адным целам, у якім Ён — галава, а мы — члены.
Папа Францішак зазначыў, што «дзякуючы еднасці святых усе члены Касцёла заўсёды глыбока злучаны паміж сабой, і гэтая лучнасць настолькі моцная, што нават смерць не можа разарваць яе».
«Еднасць святых датычыцца не толькі братоў і сясцёр, якія знаходзяцца побач з намі ў гэты гістарычны момант, але таксама і тых, якія завяршылі сваю зямную пілігрымку і пераступілі парог смерці. Таксама і яны знаходзяцца ў еднасці з намі. Браты і сёстры, давайце задумаемся: у Хрысце ніхто ніколі не зможа па-сапраўднаму адлучыць нас ад тых, каго мы любім <…>. Змяняецца толькі спосаб быцця з імі, але нішто і ніхто не можа перарваць гэтую повязь <…>. Еднасць святых умацоўвае супольнасць вернікаў на зямлі і ў небе», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.
Ён заўважыў, што ў такім сэнсе мы можам устанаўліваць сяброўскія адносіны не толькі з братамі і сёстрамі на зямлі, але таксама і ў небе.
«Святыя — гэта нашыя сябры», — сказаў Папа, дадаўшы, што да іх неабходна звяртацца асабліва тады, калі маем цяжкасці і патрабуем дапамогі.
«Дзякуючы еднасці святых мы заўсёды адчуваем блізкасць да нас святых мужчын і жанчын, якія з’яўляюцца нашымі апекунамі праз імя, якое носім, праз Касцёл, да якога належым, або праз мясцовасць, у якой жывем і г.д. І менавіта гэты давер павінен заўсёды натхняць нас, калі звяртаемся да іх у ключавыя моманты нашага жыцця», — сцвердзіў Пантыфік.
Папа Францішак завяршыў катэхезу старажытнай малітвай да святога Юзафа, да якой асаблівым чынам прывязаны і якую прамаўляе кожны дзень на працягу ўжо больш як 40-а гадоў:
«Хвалебны Патрыярху, святы Юзэфе, сіла якога можа немагчымае зрабіць магчымым, прыйдзі мне на дапамогу ў гэтыя хвіліны трывогі і цяжкасці. Вазьмі пад тваю абарону шчаслівае вырашэнне вельмі сур’ёзных і складаных сітуацый, якія давяраю табе. Умілаваны ойча, увесь мой давер ускладаю на цябе. Няхай ніхто не скажа, што я дарэмна ўсклікаў да цябе, і паколькі ты можаш усё з Езусам і Марыяй, пакажы, што дабрыня твая такая вялікая, як і сіла твая. Амэн».