Святы Пасад заклікае кансэкраваных асоб прыняць удзел у сінадальным шляху, які праходзіць у Касцёле, і быць актыўнымі ўдзельнікамі яго місіі.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, з нагоды XXVI Дня кансэкраванага жыцця, які будзе адзначацца 2 лютага, Прэфект Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця кардынал Жуан Брас дэ Авіс і сакратар згаданай дыкастэрыі арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё скіравалі адмысловае пасланне да кансэкраваных асоб ва ўсім свеце.
У дакуменце падкрэсліваецца, што сінадальны шлях, які нядаўна распачаўся у Касцёле, прысвечаны тэме камуніі, удзелу і місіі, заклікаючы ўсе супольнасці быць бачным выразам адзінства ў любові.
Кардынал Брас дэ Авіс і арцыбіскуп Карбальё падкрэслілі, што да ўдзелу ў сінадальным падарожжы запрашаюцца ўсе, несучы «багацце харызмаў і жыцця, не хаваючы цяжкасцяў і ран».
«Тады наш удзел стане адказнасцю: мы не можам адсутнічаць, не можам не быць разам з іншымі, а тым больш не можам не ўдзельнічаць у пакліканні стаць сінадальным Касцёлам», — напісалі іерархі, падкрэсліўшы, што «сінадальнасць пачынаецца з нас саміх: ад уласнага навяртання, змены ладу мыслення, братэрства, нашага служэння і місіі».
У дакуменце адзначаецца, што ўдзел становіцца суадказнасцю, якая датычыцца Касцёла не толькі як арганізацыі, але таксама яго прыроды, адзінства і галоўнага сэнсу: місійнай мары дасягнуць усіх, клопату пра ўсіх, адчування сябе братамі і сёстрамі, быцця разам у жыцці і гісторыі, якая з’яўляецца гісторыяй збаўлення.
Адказны за Інстытуты кансэкраванага жыцця і Таварыствы апостальскага жыцця пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB таксама скіраваў адмысловы зварот да Дня кансэкраванага жыцця.