Пошук

13.01.2022 11:27   Паводле: Vatican News
Фота: Reuters / Guglielmo Mangiapane

Асобе святога Юзафа як чалавека працы Папа Францішак прысвяціў сваю катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая 12 студзеня прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заўважыў, што евангелісты Мацвей і Марк называюць святога Юзафа цесляром. Грэчаскае слова тэктон, якое выкарыстоўвалася для акрэслення яго прафесіі, перакладаецца па-рознаму: лацінскія Айцы Касцёла атаясамлівалі яго з цяслярствам, але трэба ўлічваць, што ў Палестыне часоў Езуса дрэва выкарыстоўвалася не толькі для таго, каб рабіць плугі і розную мэблю, але таксама для будавання дамоў, у якіх драўлянымі былі аканіцы і бэлькі тэрас.

Таму пад цеслярамі разумеліся як рамеснікі, што працавалі з дрэвам, так і рабочыя, дзейнасць якіх была звязана з будаўніцтвам, дадаў Папа.

Праца цесляроў была складанай, бо яны мелі справу з цяжкімі матэрыяламі, такімі як дрэва, камень і жалеза, і яна не прыносіла вялікіх прыбыткаў: гэта можна зразумець па тым, што Марыя і Юзаф, калі прысвяцілі Езуса Богу ў ерузалемскай святыні, ахвяравалі толькі пару галубоў, што Закон патрабаваў ад бедных.

Папа Францішак заўважыў, што ў падлеткавым узросце Езус навучыўся ад бацькі цяслярскаму рамяству, а калі, стаўшы дарослым, пачаў прапаведваць, яго землякі здзіўляліся і пыталіся: «Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц?» (Мц 13, 54), і абураліся на Яго, бо Ён быў сынам цесляра, а прамаўляў як настаўнік Закону.

«Гэты факт з біяграфіі Юзафа і Езуса прымушае мяне падумаць пра ўсіх работнікаў у свеце, асабліва пра тых, якія выконваюць цяжкую працу ў шахтах ці на некаторых фабрыках; пра тых, каго экслуатуюць на нелегальнай працы; пра ахвяр на працы <…>; пра дзяцей, вымушаных працаваць, і пра тых, якія корпаюцца ў сметніках у пошуку таго, што можна будзе абмяняць», — сказаў Папа, узгадаўшы таксама пра людзей, якія працуюць без сацыяльных гарантый або ўвогуле з’яўляюцца беспрацоўнымі. Пантыфік заклікаў палітыкаў даць усім магчымасць зарабляць на хлеб.

«Многія маладыя людзі, многія бацькі і маці перажываюць драму адсутнасці працы, якая б дала ім магчымасць жыць спакойна. І вельмі часта пошук працы становіцца настолькі драматычным, што прыводзіць іх да згубы ўсялякай надзеі і жадання жыць. У гэты час пандэміі шмат людзей сталі беспрацоўнымі, а некаторыя, не вытрымаўшы нязноснага цяжару, дайшлі да таго, што наклалі на сябе рукі. Я хацеў бы сёння ўзгадаць кожнага з іх і іх сем’і. Давайце крыху памаўчым, падумаўшы пра гэтых людзей у адчаі, якія не могуць знайсці працу», — сказаў Папа.

На думку Святога Айца, сёння недастаткова ўлічваецца той факт, што праца з’яўляецца «фундаментальным кампанентам чалавечага жыцця», а таксама «шляхам асвячэння».

«Праца патрэбна не толькі для таго, каб забяспечыць сябе неабходным для існавання: яна з’яўляецца месцам, дзе мы выражаем сябе, дзе можам адчуць сябе карыснымі і засвоіць вялікі ўрок канкрэтнасці, які дапамагае духоўнаму жыццю не ператварыцца ў спірытуалізм», — падкрэсліў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён дадаў, што, на жаль, часта праца з’яўляецца «закладніцай сацыяльнай несправядлівасці», і замест таго, каб быць сродкам гуманізацыі, становіцца «экзістэнцыяльнай перыферыяй». Святы Айцец заклікаў вернікаў спытаць сябе пра тое, з якім духам яны выконваюць штодзённую працу, ці бачаць сувязь паміж сваёй працай і лёсам іншых людзей. «Насамрэч праца — гэта магчымасць выразіць нашу асабовасць, якая з’яўляецца сацыяльнай па сваёй прыродзе. Праца — гэта таксама спосаб выражэння нашай крэатыўнасці; кожны выконвае працу па свайму, мае ўласны стыль <…>», — дадаў Папа.

«Добра падумаць пра тое, што сам Езус працаваў і вучыўся гэтаму мастацтву менавіта ў святога Юзафа.

Мы павінны сёння спытаць сябе: што можам зрабіць, каб аднавіць каштоўнасць працы; які ўнёсак мы як Касцёл можам зрабіць дзеля яе вызвалення з логікі чыстага прыбытку і разумення як фундаментальнага права і абавязку чалавека, які выражае і ўмацоўвае яго годнасць», — сцвердзіў Пантыфік, завяршаючы сваю катэхезу малітвай, якую ў 1969 годзе святы Павел VI узнёс да святога Юзафа ў інтэнцыі ўсіх працаўнікоў, а таксама міру, бо толькі ён можа гарантаваць развіццё народам.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця