Папа Францішак даручыў Папскай радзе па новай евангелізацыі каардынацыю падрыхтоўкі Святога Пасаду да Святога года 2025.
Як са спасылкай на прэс-службу Святога Пасаду паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на працягу апошніх дзён старшыня гэтай дыкастэрыі арцыбіскуп Рыно Фізікела сустракаўся з кіраўніцтвам Дзяржаўнага Сакратарыяту, Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы і Сакратарыяту па эканоміцы.
Юбілейны або Святы год адзначаецца ў Касцёле кожныя 25 гадоў і пачынаецца 24 снежня. З 1423 года афіцыйная ўрачыстасць суправаджаецца абрадам адкрыцця Святых дзвярэй у юбілейных касцёлах.
Папа робіць гэта ў базыліцы святога Пятра. Тут Святыя дзверы ўпершыню адчыніў 24 снежня 1949 года Пій XII, з чаго пачаўся юбілейны 1950 год. Адкрыццю заўсёды папярэднічае сімвалічны трохразовы ўдар малатком. У перыяд паміж юбілеямі з унутранага боку базылікі Дзверы перакрываюцца мурам з цэглы, які ўзводзіцца адразу пасля заканчэння папярэдняга, і зносіцца перад адкрыццём наступнага Святога года.
Асаблівай духоўнай магчымасцю юбілеяў з’яўляецца адпуст. Звычайна яго можна было атрымаць у Рыме, наведаўшы адну з чатырох вялікіх базылік (святога Пятра, святога Паўла за Мурамі, святога Яна на Латэране, Маці Божай Вялікай — Санта-Марыя-Маджорэ). Такой прывілеяй карысталіся і некаторыя італьянскія гарады. У юбілейныя 1983 і 2000 гады адпуст можна было атрымаць таксама ў вызначаных катэдральных і дыяцэзіяльных касцёлах.
Апошні чарговы юбілей адзначаўся як Вялікі Юбілей 2000 года ў другім тысячагоддзі прыйсця Хрыста ў свет.
Святы Год таксама праходзіў у адмысловых акалічнасцях. 1933 год быў абвешчаны Піем XI святым як напамін пра 1900-годдзе збаўчай смерці Хрыста. Ён працягваўся з 2 красавіка 1933 года па 2 красавіка 1934 года. У 1983 годзе па ініцыятыве Яна Паўла ІІ Юбілей адзначаўся ў 1950-ю гадавіну той жа падзеі. 2008 год па ініцыятыве Бэнэдыкта XVI адзначаўся як Год святога Паўла ў другое тысячагоддзе нараджэння Апостала народаў.
Святы 2016 год быў абвешчаны 11 красавіка 2015 года Папам Францішкам булай Misericordiæ vultus як Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці. Ён праходзіў з 8 снежня 2015 года па 20 лістапада 2016 года.