Пошук

30.11.2021 16:38   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Siciliani

У свята святога Андрэя апостала Папа Францішак скіраваў традыцыйнае ўжо пасланне да Барталамея І, у якім назваў Патрыярха Канстанцінопальскага «ўмілаваным братам у Хрысце».

«Я раблю гэта не толькі ў сувязі з нашым братэрскім сяброўствам, але і з прычыны старажытнай і глыбокай сувязі веры і любові паміж Рымскай і Канстанцінопальскай Цэрквамі», — падае словы з папскага віншавання Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Акрамя таго, Папа Францішак скіраваў на Фанар сваю дэлегацыю «для перадачы добрых пажаданняў радасці і міру» ўсім, хто сабраўся на Боскай літургіі ў патрыяршым храме святога Юрыя.

Пантыфік не хавае радасці, што падчас нядаўняга візіту Барталамея І у Рым была магчымасць «не толькі падзяліцца заклапочанасцю адносна сучаснасці і будучыні свету, але і выказаць агульную прыхільнасць вырашэнню праблем, якія маюць галоўнае значэнне для ўсёй чалавечай сям’і», сярод якіх згадваюцца клопат пра стварэнне, выхаванне будучых пакаленняў, дыялог паміж рознымі рэлігійнымі традыцыямі і імкненне да міру.

Папа Францішак перакананы, што такім чынам умацоўваецца глыбокая сувязь, якая ўжо склалася паміж Цэрквамі, «паколькі агульная адказнасць у кантэксце цяперашніх выклікаў выцякае з агульнай веры ў Бога, Айца ўсемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі; у адзінага Пана Езуса Хрыста, Сына Божага Адзінароднага, які стаў чалавекам дзеля нашага збаўлення, памёр і ўваскрос з мёртвых; і ў Духа Святога, Пана і Жыватворцу, Які ўзгадняе адрозненні, не адмяняючы іх».

Папа прапанаваў, застаючыся аб’яднанымі верай, імкнуцца з рашучасцю да рэалізацыі супольнасці, прызнаючы, што ў цэнтры пастаяннага дыялогу застаюцца тэалагічныя і эклезіялагічныя пытанні. «Спадзяюся, што католікі і праваслаўныя змогуць усё больш актыўна працаваць разам у тых сферах, у якіх гэта не толькі магчыма, але і сапраўды неабходна», — напісаў Святы Айцец.

«Умілаваны браце ў Хрысце, на шляху да поўнай еднасці паміж нашымі Цэрквамі нас падтрымлівае заступніцтва святых братоў Пятра і Андрэя, нашых святых апекуноў. Поўная еднасць, якой мы прагнем, з’яўляецца, вядома, дарам ад Бога праз ласку Духа Святога. Няхай наш Пан дапаможа нам быць гатовымі прыняць гэты дар праз малітву, глыбокае навяртанне і адкрытасць для пошуку і прапановы прабачэння», — звярнуўся да Патрыярха Барталамея І Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця