28 лістапада ў кароткай прамове пасля малітвы Анёл Панскі Папа Францішак у чарговы раз публічна звярнуў увагу на лёс мігрантаў і заклікаў да рэальнай дапамогі людзям, якія бягуць ад войнаў і галечы ў пошуках лепшай будучыні для сябе і сваіх дзяцей.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пры гэтым Святы Айцец згадаў сваю сустрэчу з арганізатарамі міжкультурнага форума Giavera Festival, якая адбылася напярэдадні. «Колькі мігрантаў нават у гэтыя дні падвяргаецца вельмі сур’ёзнай небяспецы і колькі гіне на нашых межах!» — звярнуў увагу Папа Францішак.
«Я адчуваю боль ад навін аб сітуацыі, у якой апынуліся многія з іх: тыя, хто загінуў у Ла-Маншы; тыя, хто знаходзіцца на граніцах Беларусі, сярод якіх шмат дзяцей; тыя, хто тоне ў Міжземным моры. Столькі болю прыносяць думкі аб іх. Тыя, каго рэпатрыявалі ў Паўночную Афрыку, каго захопліваюць гандляры людзьмі і ператвараюць іх у рабоў: прадаюць жанчын, катуюць мужчын… Тыя, хто нават на гэтым тыдні спрабаваў перасекчы Міжземнае мора ў пошуках зямлі дабрабыту, а знайшоў там магілу; і многіх іншых», — дадаў Пантыфік.
Пастыр паўсюднага Касцёла запэўніў мігрантаў, «якія апынуліся ў гэтых крызісных сітуацыях», у сваёй малітве за іх. «Ведайце, што я побач з вамі», — звярнуўся Святы Айцец. Ён падзякаваў як каталіцкім, так і іншым установам, асабліва мясцовым Caritas, і ўсім тым, хто імкнецца аблегчыць пакуты мігрантаў.
«Зноў кірую шчыры зварот да тых, хто можа зрабіць свой унёсак у вырашэнне такога кшталту праблем, у прыватнасці да грамадзянскіх і ваенных уладаў, каб разуменне і дыялог нарэшце перамаглі усе правявы эксплуатацыі і скіравалі волю і намаганні на рашэнні, якія паважаюць чалавечую годнасць гэтых людзей», — сказаў Папа Францішак.