1 кастрычніка Кангрэгацыя Веравучэння ў чарговы раз звярнула ўвагу на абавязак заканадаўцаў-католікаў супрацьстаяць законапраектам, якія супярэчаць вучэнню Касцёла.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Кангрэгацыяй 1 кастрычніка быў апублікаваны ліст у адказ на просьбу італьянскага таварыства абаронцаў жыцця Pro Vita & Famiglia («За жыццё і сям’ю») растлумачыць, якім чынам палітыкі каталіцкага веравызнання павінны рэагаваць на заканадаўчыя ініцыятывы, якія супярэчаць вучэнню Касцёла, а ў прыватнасці прасоўваюць гендарную ідэалогію. Перадусім гаворка ішла пра законапраект, прапанаваны італьянскім дэпутатам Алесандро Дзанай, каб лічыць злачынствам акты «дыскрымінацыі або насілля» з увагі на пол, сексуальную арыентацыю і заяўлены «культурны пол» (гендар).
27 кастрычніка італьянскі сенат большасцю галасоў (154 супраць 131) адхіліў гэты спрэчны законапраект.
Кангрэгацыя Веравучэння ў дакуменце, падпісаным яе Прэфектам кардыналам Луісам Ладарыяй Фэрэрам, адзначыла выразную крытыку Папам Францішкам гендарнай ідэалогіі, неаднаразова выказаную ім на працягу яго пантыфікату, і звярнула ўвагу на тое, што каталіцкія заканадаўцы павінны супрацьстаяць законам, якія супярэчаць каталіцкаму веравучэнню, як гэта акрэслена ў «Дактрынальнай ноце адносна некаторых аспектаў дзейнасці і паводзінаў католікаў у палітычным жыцці», выдадзенай у 2002 годзе.
Таварыства абаронцаў жыцця звярнулася з пытаннем да Кангрэгацыі Веравучэння ў ліпені, але ўжо раней, у чэрвені, Святы Пасад у вуснай форме выказаў пратэст італьянскаму ўраду, папярэдзіўшы, што прыняцце законапраекту можа пашкодзіць канкардату (міжнароднай дамове) паміж Ватыканам і Італіяй.
Таварыства Pro Vita & Famiglia звярнула ў сваім лісце ўвагу на тое, што ў многіх краінах свету прымаюцца законы, якія «навязваюць і нават прымушаюць да суб’ектыўнага, неакрэсленага і недвуполага бачання сексуальнасці», што супярэчыць «натуральнай этыцы, а таксама хрысціянскай і біблійнай антрапалогіі».
Паводле італьянскіх абаронцаў жыцця, такога кшталту законапраекты маюць на мэце «поўны перагляд сексуальнай тоеснасці праз аддзяленне юрыдычнага полу ад біялагічнага і акрэсленне асабістай ідэнтычнасці ў суб’ектыўных катэгорыях (т.зв. „культурны пол“).
Pro Vita & Famiglia падкрэслівае, што законапраект Дзаны не толькі пастулюе, што гендарная ідэалогія праўдзівая, але таксама навязвае яе культуры, паколькі прапануе ўстанавіць «Нацыянальны дзень супраць гамафобіі, лесбафобіі, біфобіі і трансфобіі». Як прапануецца ў законапраекце, у кожнай школе ў гэты дзень павінны былі б праводзіцца „урачыстасці, сустрэчы і іншыя ініцыятывы“ дзеля распаўсюджвання гендарнай ідэалогіі.
У лісце таксама звяртаецца ўвага на пытанні, звязаныя з рэлігійнай свабодай. Абаронцы жыцця адзначаюць, што там, дзе былі прынятыя падобныя законы, даходзіць да пераследу духавенства, і прыводзяць канкрэтныя прыклады рэлігійнага пераследу. У выніку Кангрэгацыі Веравучэння былі зададзены тры пытанні: ці гэтыя законы і законапраекты супярэчаць веры і калі так, то якім чынам? ці католікі павінны супрацьстаяць прыняццю такіх законапраектаў? ці палітыкі каталіцкага веравызнання павінны галасаваць супраць гэтых законапраектаў і публічна заняць пазіцыю супраць іх?
У сваім адказе ад 1 кастрычніка Кангрэгацыя перадусім выказала прызнанне працы таварыства на карысць абароны жыцця ад зачацця да натуральнага заканчэння, а таксама на карысць нескажонай культуры сям’і.
Адносна таго, ці так званыя «антыгамафобскія» законы згодныя з каталіцкім веравучэннем, Кангрэгацыя сцвердзіла, што адказ на гэта знаходзіцца ў афіцыйным вучэнні Касцёла, пачынаючы з адгартацыі Amoris lætitia, у п. 56 якой выразна сфармулявана непрыманне гендарнай ідэалогіі, што Папа Францішак не раз паўтарыў у шэрагу сваіх выказванняў.
Кангрэгацыя спаслалася на прамову Святога Айца, скіраваную пленарнаму пасяджэнню Папскай Акадэміі Жыцця. У ёй Пантыфік падкрэсліў, што прапанова ў імя «годнасці асобы» радыкальна адкінуць палавыя адрозненні, а ў выніку — саюз мужчыны і жанчыны, не можа быць прынятая, паколькі «замест таго, каб супрацьстаяць негатыўным інтэрпрэтацыям палавога адрознення, якія імкнуцца падарваць яго безумоўную каштоўнасць для годнасці чалавека, насамрэч робіцца спроба адкінуць гэтую розніцу і прапануцюцца тэхнікі і практыкі, што маюць на мэце пазбавіць яе значэння для развіцця асобы і для чалавечых адносін» (5 кастрычніка 2017 г.).
У сваім лісце Кангрэгацыя Веравучэння спасылаецца таксама на прамову Папы Францішак да польскіх біскупаў ад 27 ліпеня 2016 г., калі Святы Айцец зазначыў, што «ў Еўропе, у Амерыцы, у Лацінскай Амерыцы, у Афрыцы, у некаторых азіяцкіх краінах існуе сапраўдная ідэалагічная каланізацыя. Адна з іх — я кажу, выразна „называючы па імені“, — гэта гендарная ідэалогія! Сёння дзяцей — менавіта дзяцей! — вучаць у школе, што кожны сам можа выбраць сабе пол. А чаму іх гэтаму вучаць? Таму што падручнікі навязваюць тыя людзі і арганізацыі, якія даюць грошы.
Гэта — ідэалагічная каланізацыя, якую таксама падтрымліваюць вельмі ўплывовыя краіны. І гэта страшна!» — дадаў Папа.
У 2015 годзе Папа Францішак закрануў пытанне гендарнай ідэалогіі падчас сустрэчы з французскім рухам сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame (дзейнічае таксама ў Беларусі). Святы Айцец заўважыў, што місійная дзейнасць гэтага руху «тым больш важнае, паколькі вобраз сям’і — такой, якой хоча Бог, якая складаецца з аднаго мужчыны і адной жанчыны ў перспектыве дабра сужонкаў, а таксама нараджэння і выхавання патомства, — скажаецца магутнымі шкоднымі праектамі, якія падтрымліваюць ідэалагічны каланіялізм» (10 верасня 2015 г.).
Кангрэгацыя Веравучэння згадвае таксама выказванне Папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі 15 красавіка 2015 г. Тады Святы Айцец сказаў: «Я задаюся пытаннем, ці гендарная ідэалогія не з’яўляецца разам з тым выразам пэўнай фрустрацыі і адмаўлення і імкнецца адкінуць розніцу паміж паламі, паколькі ўжо не можа даць з гэтым рады. Так, нам пагражае небяспека, што мы зробім крок назад. Адкіданне адрозненняў гэта насамрэч праблема, а не рашэнне».
Цытуецца і прамова Папы Францішка да святароў, законнікаў, семінарыстаў і душпастыраў у Грузіі ў 2016 г. Адказваючы на адно пытанне, Святы Айцец сказаў: «Ірына, ты ўзгадала пра вялікага ворага сужэнства, якім сёння з’яўляецца гендарная ідэалогія.
Сёння ідзе сусветная вайна, каб знішчыць сужэнства. Сёння адбываецца ідэалагічная каланізацыя, якая знішчае, хоць выкарыстоўвае не зброю, а ідэі. Таму неабходна абараняцца ад ідэалагічнай каланізацыі» (1 кастрычніка 2016 г.).
Далей Кангрэгацыя Веравучэння зазначае, што тое, як павінны дзейнічаць каталіцкія вернікі і палітыкі, якія сутыкаюцца з «законапраектамі, падобнымі з вышэйназваным», можна лёгка зразумець у святле «Дактрынальнай ноты адносна некаторых аспектаў дзейнасці і паводзін католікаў у палітычным жыцці» ад 2002 г. У гэтым дакуменце Кангрэгацыя Веравучэння спасылаецца на энцыкліку Яна Паўла ІІ Evangelium vitæ, сцвярджаючы, што «ў сітуацыі, калі немагчыма адхіліць або цалкам адмяніць прапанаваны для галасавання або ўжо дзеючы абарцыйны закон: у такім выпадку парламентарый, чый асабісты поўны супраціў супраць перарывання цяжарнасці быў бы выразным і ўсім вядомым, паступіў бы правільна, падтрымліваючы прапановы з мэтаю абмежавання шкоднасці такога закону і змяншэння яго негатыўных наступстваў у сферы культуры і грамадскай маральнасці» (гл. п. 4).
Дакумент 2002 года падкрэслівае таксама, што «належным чынам сфармаванае хрысціянскае сумленне нікому не дазваляе сваім голасам спрыяць рэалізацыі палітычнай праграмы або канкрэтнага закона, якія ставяць пад сумнеў асноўныя прынцыпы веры і маральнасці, прапануючы альтэрнатыўныя або спрэчныя з імі падыходы» (гл. тамсама).
Разам з тым, згодна з дакументам, «вера з’яўляецца непадзельным адзінствам, таму лагічна, што засяроджанне выключна на адным з прынцыпаў веры нанесла б шкоду цэласнасці каталіцкага веравучэння». У сувязі з гэтым, дадаецца ў ноце, «увага ў палітычнай дзейнасці толькі да аднаго выбранага аспекту сацыяльнага вучэння Касцёла недастатковая, каб цалкам выканаць патрабаванне адказнасці за агульнае дабро. Католік таксама не можа лічыць, што ён можа пакінуць іншым хрысціянскі абавязак, які на яго накладае Евангелле Езуса Хрыста, гэта значыць клопат пра тое, каб праўда пра чалавека і свет абвяшчалася і пазнавалася».
Касцёл у Беларусі вуснамі сваіх іерархаў, асабліва арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, неаднаразова выказваўся супраць гендарнай ідэалогіі, раскрываючы яе шкодную для ўсебаковага развіцця чалавека і ўсяго грамадства сутнасць.