Пошук

07.10.2021 08:20   Паводле: Vatican News
Фота: ANSA

Праўда робіць свабоднымі, радаснымі і шчаслівымі, — падкрэсліў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 6 кастрычніка прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, працягваючы катэхетычны цыкл, прысвечаны Пасланню да Галатаў, Пантыфік заўважыў, што ў ім святы Павел напісаў «неўміручыя словы аб хрысціянскай свабодзе». Апостал не мог цярпліва адносіцца да таго, што галаты пасля таго, як пазналі і прынялі праўду Хрыста, «дазволілі прывабіць сябе падманлівымі прапановамі, перайшоўшы ад свабоды да рабства: ад прысутнасці Езуса, якая вызваляе, да няволі граху, легалізму і гэтак далей», — дадаў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што апостал Павел заклікаў вернікаў трываць у свабодзе, атрыманай з хростам, каб не трапілі зноў пад «ярмо няволі». Ён быў «раўнівым адносна свабоды» і разумеў, што некаторыя «фальшывыя браты» закраліся ў супольнасць для таго, каб парушыць свабоду, якую галаты мелі ў Езусе Хрысце.

«Прапаведванне, якое выключае свабоду ў Хрысце, ніколі не можа быць евангельскім <…>.

Ніколі нельга прымушаць у імя Езуса; нікога нельга рабіць нявольнікамі ў імя Езуса, які вызваліў нас», — дадаў Святы Айцец.

На думку Папы, па гэтай прычыне святы Павел заклікаў галатаў трываць у Езусе, «крыніцы праўды, якая робіць свабоднымі».

«Такім чынам, хрысціянская свабода грунтуецца да двух фундаментальных стаўпах: першы — ласка Пана Езуса; другі — праўда, якую адкрывае Хрыстус <…> і якой з’яўляецца Ён сам», — сказаў Папа Францішак.

Святы Айцец патлумачыў, што свабода — гэта ў першую чаргу дар Пана, плён смерці і ўваскрасення Езуса, бо «самая сапраўдная свабода — свабода ад няволі граху, выплывае з Хрыстовага крыжа».

«Гэта не перастае здзіўляць нас: месца, дзе мы пазбаўляемся ўсялякай свабоды, гэта значыць смерць, можа стаць крыніцай свабоды. Вось таямніца любові Бога! <…> Езус рэалізаваў сваю поўную свабоду, аддаючы сябе на смерць; ведаючы, што толькі такім чынам можа здабыць жыццё для ўсіх», — нагадаў Пантыфік.

Гэтую таямніцу любові Бога святы Павел спазнаў на сабе, таму казаў галатам, што быў «укрыжаваны разам з Хрыстом» (Гал 2,19). «Ён ведаў, што ў гэтым акце найвышэйшай еднасці з Панам ён атрымаў самы вялікі дар у сваім жыцці: свабоду», — сцвердзіў Папа, заклікаўшы вернікаў наследаваць прыклад апостала.

«Хрысціянін з’яўляецца свабодным і павінен быць свабодным. Не будзем зноў станавіцца нявольнікамі прадпісанняў, дзівацкіх рэчаў», — заахвоціў пастыр паўсюднага Касцёла.

Другім стаўпом свабоды, паводле Папы, з’яўляецца праўда. Важна памятаць, што «праўда веры — гэта не абстрактная тэорыя, але рэчаіснасць жывога Хрыста, якая непасрэдным чынам датычыцца штодзённага і агульнага сэнсу асабістага жыцця».

«Праўда робіць свабодным у той меры, у якой перамяняе жыццё чалавека і скіроўвае яго да дабра. Каб быць па-сапраўднаму свабодным, трэба не толькі ведаць сябе на псіхалагічным узроўні, але ў першую чаргу ствараць праўду ў сабе на больш глыбокім узроўні, і тут, у сэрцы, адкрывацца ласцы Хрыста», — параіў Пантыфік.

На думку Папы, «праўда павінна непакоіць нас», павінна «пастаянна ставіць перад намі пытанні, каб мы маглі ўсё глыбей і глыбей разумець тое, кім з’яўляемся на самай справе».

«Шлях да праўды і свабоды — цяжкі і працягваецца ўсё жыццё», але на ім «нас вядзе і падтрымлівае Любоў, што выплывае з крыжа: любоў, якая адкрывае нам праўду і дорыць свабоду. І гэта шлях шчасця. Праўда робіць нас свабоднымі, радаснымі і шчаслівымі», — сказаў на завяршэнне катэхезы Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.