24 жніўня было апублікавана інтэрв’ю з дырэктарам блізкага да Ватыкана італьянскага медыярэсурсу Il Sismografo Луісам Бадзілай, у якім ідзе гаворка пра магчымасць сыходу Папы Францішка і пра дакумент, які будзе рэгуляваць статус папаў на пенсіі.
На пытанне журналіста штодзённіка Libero адносна магчымасці сыходу Папы Францішка на пенсію па стане здароўя або пасля дасягнення ім 85-гадовага ўзросту (17 снежня), Луіс Бадзіла адказаў:
«Не, я гэтага не дапускаю. Гэта тэма, якая не абмяркоўваецца ў ватыканскіх кулуарах і, як мне здаецца, Святы Айцец таксама ніколі не думаў пра такую магчымасць». Паводле дырэктара Il Sismografo, хранічная хвароба не стане прычынаю яго сыходу, паколькі ў адносінах да стану свайго здароўя Папа Францішак бярэ прыклад з Яна Паўла ІІ, які таксама цяжка хварэў ажно да смерці. Ён лічыць, што па стане здароўя Папа абмяжуе сваю актыўнасць і, хутчэй за ўсё, ужо больш не зможа здзяйсняць падарожжаў на іншыя кантыненты.
Луіс Бадзіла паведаміў, што праз некалькі тыдняў, магчыма, будуць выдадзены афіцыйныя нормы адносна сітуацыі, якая склалася пасля сыходу Папы Бэнэдыкта XVI.
«Адразу пасля адрачэння Ратцынгера (Бэнэдыкта XVI) Бэргольё (Папа Францішак) быў вымушаны стварыць нейкія імправізаваныя кананічныя прадпісанні. Але цяпер ідзе гаворка пра тое, каб добра юрыдычна кадыфікаваць гэтую сітуацыю», — сцвердзіў дырэктар Il Sismografo.
Ён дадаў, што тэолагі і кананісты цяпер разглядаюць магчымасць пантыфікату на акрэслены тэрмін, каб пасля дасягнення 80-і ці 85-і гадоў Папа адмаўляўся ад пасады і сыходзіў на пенсію. Паводле Луіса Бадзілы, гэтая тэма можа быць разгледжана на наступным Канклаве, падчас выбару новага Папы.