
Прэс-служба Святога Пасаду паведамляе, што ў аўторак 11 мая ў Ватыкане адбудзецца прэзентацыя дакумента Motu proprio Папы Францішка пад назваю Antiquum ministerium, якім служэнню катэхетаў будзе нададзены статус паслугі.
Як паведамляе Італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, ужо ў 2018 годзе Святы Айцец казаў пра неабходнасць інстытуцыянальнага вымярэння ў Касцёле для гэтага служэння.
Тады ў відэапасланні ўдзельнікам міжнароднай сустрэчы, прысвечанай гэтай тэме, Папа Францішак выразна падкрэсліў, што катэхет — гэта пакліканне.
«Быць катэхетам — гэта пакліканне; катэхетамі не працуюць», — сцвердзіў Святы Айцец.
Праз пэўны час пасля тых знамянальных словаў Пантыфік дадаў, што «гэтая форма служэння, якая здзяйсняецца ў хрысціянскай супольнасці», патрабуе прызнання ў якасці «сапраўднай і аўтэнтычнай паслугі Касцёла».
Гэты намер, які пастыр паўсюднага Касцёла некалькі гадоў насіў у сэрцы, саспеў і выліўся ў форме дакумента Motu proprio, які на наступным тыдні будзе прэзентаваны ў Ватыкане ў прысутнасці арцыбіскупа Рыно Фізікелы, Старшыні Папскай рады па развіцці новай евангелізацыі, і монсіньёра Франца-Петэра Тэбарца ван Элста, дэлегата па катэхізацыі пры гэтым ведамстве Святога Пасаду.
Такім чынам, гэтым дакументам Святога Айца будзе фармальна ўстаноўлена паслуга катэхета, развіваючы евангелізацыйнае заданне свецкіх вернікаў у бачанні Другога Ватыканскага Сабору.
Як адзначыў у відэапасланні Папа Францішак, гэта заданне, з якім звязана адказнасць «першага абвяшчэння». Святы Айцец дадаў, што ва ўмовах «рэлігійнай абыякавасці вашае слова заўсёды будзе першым абвяшчэннем, здольным крануць сэрца і розум мноства людзей, якія чакаюць сустрэчы з Хрыстом».
31 студзеня падчас сустрэчы, арганізаванай нацыянальнай Катэхетычнай секцыяй Канферэнцыі біскупаў Італіі, Папа адзначыў, што гэта служэнне, якім неабходна жыць з верай і ў супольнасці.
«Цяпер час быць будаўнічымі адкрытых супольнасцяў, дзе цэняцца таленты кожнага. Цяпер час місійных супольнасцяў, свабодных і бескарыслівых, якія не гоняцца за ўплывам і прыбыткам, але ідуць сцежкамі людзей нашага часу, схіляючыся да тых, хто на ўзбоччы», — падкрэсліў Папа Францішак.
Пасля Другога Ватыканскага Сабору паслугі прыйшлі на змену былым «ніжэйшым пасвячэнням».
У 1972 годзе ніжэйшыя пасвячэнні былі скасаваныя, і ў Касцёле з’явіліся паслугі лектарату для чытання Божага слова падчас набажэнстваў і акалітату для дапамогі святарам і дыяканам ва ўдзяленні Эўхарыстыі. Лагічна, что і служэнне катэхетаў, якім, акрамя навучання праўдам веры, Касцёл даручае пэўныя літургічныя функцыі (цэлебрацыя хросту пры адсутнасці святара і дыякана), цяпер будзе мець статус паслугі.