Пошук

06.05.2021 10:43   Паводле: Vatican News

Кардынал Кох і Патрыярх Маскоўскі Кірыл. Фота: archivioradiovaticana.va

Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, указаў на важнасць агульнай даты святкавання Вялікадня на хрысціянскім Усходзе і Захадзе.

Як нагадаў іерарх, розніца звязана з тым, што Цэрквы на Захадзе, пачынаючы з XVI ст., вылічваюць дату Вялікадня паводле грыгарыянскага календара, таму ўрачыстасць заўсёды адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца. На Усходзе ж многія Цэрквы і сёння прытрымліваюцца юліянскага календара.

Старшыня ватыканскага ведамства нагадаў, што падчас Нікейскага Сабору ў 325 г. было абвешчана, што ўсе хрысціяне павінны святкаваць Вялікдзень у нядзелю пасля першай веснавой поўні месяца і пасля юдэйскай Пасхі. Словы іерарха прыводзіць Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News са спасылакай на італьянскае выданне L'Osservatore Romano.

«У 2025 годзе хрысціянства будзе адзначаць 1700-годдзе Нікейскага Сабору, і ў той год Цэрквы Усходу і Захаду змогуць ізноў адзначыць Вялікдзень у адзін дзень — 20 красавіка»,— заўважыў кардынал Курт Кох, дадаўшы, што вялікі юбілей можа стаць нагодай «працягнуць нашыя намаганні ў дасягненні агульнай даты хрысціянскага Вялікадня ў будучыні».

Пра гэта неаднаразова казалі Папа Францішак і Патрыярх Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ. Канкрэтную прапанову — праваслаўную рэформу календара — нядаўна ўнёс грэчаскі праваслаўны арцыбіскуп Тэлмескі Ёў Геча, кіраўнік Пастаяннага экуменічнага прадстаўніцтва Канстанцінопальскага Патрыярхату пры Сусветнай радзе Цэркваў у Жэневе.

У нядаўнім інтэрв'ю L'Osservatore Romano на гэтую тэму выказаўся таксама грэчаскі праваслаўны Патрыярх Ерузалемскі Тэафіл ІІІ. Іерарх лічыць, што намаганні ў пошуку агульнай даты Вялікадня з’яўляюцца не проста важным пастырскім прыярытэтам.

Тэафіл ІІІ глыбока перакананы, што хрысціянская вера стаіць або падае разам з Вялікаднем.

Патрыярх Ерузалемскі, пазітыўна ставячыся да прапановы ўстанавіць агульную дату Вялікадня, указаў на значэнне экуменічнага шляху, скіраванага на аднаўленне адзінства ў хрысціянскай Царкве на Усходзе і Захадзе ў веры і міласэрнасці.

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству павіншаваў хрысціянаў, якія святкуюць Вялікдзень па юліянскім календары, і пажадаў глыбокага перажывання пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста: «Няхай святло Святога Агню нясе свету цудоўнае пасланне пра тое, што — асабліва ў часы пандэміі — апошняе слова не належыць смерці: Бог пакідае за сабой апошняе слова, якім з’яўляецца жыццё. Хрістос Анэсці, Алілуя!», — сказаў кардынал Кох.

Абноўлена 06.05.2021 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа