Пошук

12.05.2023 16:25   Vatican News

Фота: Vatican Media

11 мая Папа Францішак сустрэўся ў Ватыкане з Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам ІІ.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сустрэча была прымеркавана да 50-годдзя візіту ў Рым у 1973 годзе Патрыярха Шэнуды ІІІ і яго сустрэчы з Папам Паўлам VI.

Святы Айцец нагадаў, што гэта была першая сустрэча прадстаяцеляў Каталіцкага Касцёла і Копцкай Праваслаўнай Царквы: падчас яе была падпісана хрысталагічная дэкларацыя, якая паклала канец тэалагічнаму супрацьстаянню, што сягала каранямі да Халкідонскага Сабора, а таксама створана Міжнародная сумесная камісія па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Копцкай Царквой.

«Гэтая сумесная камісія адкрыла шлях для з’яўлення плённага тэалагічнага дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і ўсёй сям’ёй усходніх праваслаўных Цэркваў», — падкрэсліў Пантыфік.

Папа Францішак згадаў, што дзесяць гадоў таму сустракаўся з Ватыкане з Патрыярхам Тавадрасам ІІ, які прапанаваў тады ўстанавіць Дзень копцка-каталіцкага сяброўства, што адзначаецца цяпер кожны год. На шляху сяброўства Цэрквы суправаджае Бог, а таксама мучанікі, якія сведчаць, што няма большай любові, калі хто аддае жыццё за бліжняга, — сказаў Папа.

«У мяне няма словаў, каб выказаць маю падзяку за каштоўны дар рэліквій копцкіх мучанікаў, забітых у Лівіі 15 лютага 2015 года. Яны былі ахрышчаны не толькі вадой і Духам, але таксама крывёй, якая з’яўляецца насеннем адзінства для ўсіх вучняў Хрыста.

Я рады абвясціць сёння, што са згоды Вашай Святасці, гэты 21 мучанік будзе ўключаны ў Рымскі мартыралог як знак духоўнага адзінства, што лучыць дзве нашыя Царквы», — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец пажадаў, каб малітва копцкіх мучанікаў і Багародзіцы працягвала дапамагаць умацаванню сяброўства і адзінства паміж Цэрквамі. Пасля прадстаўлення афіцыйных дэлегацый і абмену падарункамі Францішак і Тавадрас ІІ скіраваліся ў капліцу Redemptoris Mater у ватыканскім Апостальскім палацы, дзе памаліліся разам.

Абноўлена 12.05.2023 16:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.