Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 10 мая на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, узяў удзел прадстаяцель Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрас ІІ.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтым разам Пантыфік не прамаўляў традыцыйную для агульных аўдыенцый катэхезу, але звярнуўся са словамі прывітання да егіпецкага іерарха і прадстаўнікоў дэлегацыі, што яго суправаджала.
«Яго Святасць Тавадрас прыняў маё запрашэнне прыбыць у Рым і разам са мной адсвяткаваць 50-годдзе гістарычнай сустрэчы Папы Паўла VI і папы Шэнуды III у 1973 годзе. Гэта была першая сустрэча Біскупа Рыма і Патрыярха Копцкай Праваслаўнай Царквы, якая завяршылася падпісаннем 10 мая памятнай сумеснай хрысталагічнай дэкларацыі», — нагадаў Святы Айцец.
З нагоды гадавіны гэтай падзеі Тавадрас ІІ ўпершыню наведаў Ватыкан у маі 2013 года, праз некалькі месяцаў пасля абрання Папы Францішка на Пасад святога Пятра, а таксама прапанаваў устанавіць 10 мая Дзень копцка-каталіцкага сяброўства, які з таго часу адзначаецца штогод.
Папа заўважыў, што кожны год у гэты дзень звязваецца з кіраўніком Копцкай Праваслаўнай Царквы па тэлефоне, каб абмяняцца віншаваннямі. «Мы адносімся адзін да аднаго як добрыя браты, не сварымся», — дадаў Святы Айцец.
«Дарагі браце Тавадрас, дзякую Вам за прыняцце майго запрашэння ў гэтую падвойную гадавіну і малюся аб тым, каб святло Святога Духа асвятліла Ваш візіт у Рым, важныя сустрэчы, якія адбудуцца, а асабліва нашыя асабістыя размовы. Шчыра дзякую за Вашую прыхільнасць умацаванню сяброўства паміж Копцкай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам», — сказаў Папа.
«Ваша Святасць, дарагія біскупы і дарагія сябры, разам з вамі я малю Усемагутнага Бога праз заступніцтва святых і мучанікаў Копцкай Царквы, каб дапамог нам узрастаць у еднасці, у адзінай і святой повязі веры, надзеі і хрысціянскай любові. Гаворачы пра мучанікаў Копцкай Царквы, якія таксама з’яўляюцца нашымі, я хацеў бы нагадаць пра пакутнікаў з лівійскага ўзбярэжжа, якія сталі мучанікам некалькі гадоў таму», — падкрэсліў Папа Францішак.
Пантыфік заклікаў удзельнікаў аўдыенцыі маліцца аб тым, каб Бог благаславіў візіт Тавадраса ІІ у Рым і абараняў усю Копцкую Праваслаўную Царкву. «Няхай гэты візіт наблізіць нас да благаслаўлёнага дня, калі будзем адно ў Хрысце», — сказаў Святы Айцец.