Пошук

01.05.2021 13:09   Catholic.by

1 мая, ва ўспамін святога Юзафа рамесніка, у літанію ў яго гонар былі дададзены новыя заклікі, якія глыбей раскрываюць удзел святога Абранніка Панны Марыі ў Божым плане збаўлення.

Як паведамляецца ў спецыяльным лісце Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, у сотую гадавіну абвяшчэння святога Юзафа Апекуном паўсюднага Касцёла Папа Францішак абнародаваў Апостальскі ліст Patris corde з намерам «абудзіць большую любоў да гэтага вялікага святога, заахвоціць да малітвы праз яго заступніцтва і да наследавання яго цнотаў і яго энтузіязму».

У гэтым святле было вырашана дапоўніць літанію ў гонар святога Юзафа, зацверджаную ў 1909 годзе Святым Пасадам, дадаўшы ў яе сем заклікаў, узятых з твораў Папаў, прысвечаных асобе Апекуна паўсюднага Касцёла.

У выніку ў літаніі з’явяцца наступныя заклікі:

  • Custos Redemptoris (паводле Апостальскай адгартацыі святога Яна Паўла ІІ Redemptoris custos);
  • Serve Christi (паводле гаміліі святога Паўла VI ад 19 сакавіка 1966 г., якая цытуецца ў Апостальскай адгартацыі Redemptoris custos, 8 і Апостальскім лісце Patris corde, 1);
  • Minister salutis (паводле святога Яна Залатавуснага, якога цытуе святы Ян Павел ІІ у Апостальскай адгартацыі Redemptoris custos, 8);
  • Fulcimen in difficultatibus (паводле Пралогу Апостальскага ліста Patris corde);
  • Patrone exsulum, afflictorum, pauperum (паводле Апостальскага ліста Patris corde, 5).

Новыя заклікі былі прадстаўлены на разгляд Святому Айцу Францішку, які зацвердзіў іх у складзе літаніі да святога Юзафа.

Цяпер Канферэнцыі Біскупаў розных краін павінны будуць паклапаціцца пра належны пераклад і публікацыю літаніі ў новай рэдакцыі.

Гэтыя пераклады не патрабуюць зацвярджэння Святым Пасадам. Паводле іх разважлівага меркавання, Канферэнцыі Біскупаў могуць таксама дадаць на адпаведным месцы і з захаваннем літаратурнага стылю іншыя заклікі, якімі святога Юзафа асабліва ўшаноўваюць у іх краінах.

Ліст падпісаў Сакратар Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў арцыбіскуп Артур Рошэ.

Тэкст літаніі да святога Юзафа з новымі заклікамі на лацінскай мове ТУТ>>>

Абноўлена 01.05.2021 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця