Пошук

14.04.2021 14:42   Vatican News

Ілюстрацыйнае фота: AFP / Gettyimages

14 красавіка чарговую катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана, Папа Францішак прысвяціў тэме малітвы.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец у сваёй катэхезе назваў Касцёл вялікай школай малітвы.

«Магчыма, мы захоўваем у памяці ўспаміны пра тое, як мама і тата вучылі нас маліцца перад сном. Гэтыя хвіліны цішыні з’яўляюцца таксама момантам, калі бацькі могуць пачуць ад дзяцей пэўныя шчырыя прызнанні, а таксама даць ім параду, натхнёную Евангеллем. Потым на шляху ўзрастання адбываюцца іншыя сустрэчы, з іншымі сведкамі і настаўнікамі малітвы. Карысна памятаць пра іх», — сказаў Папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што жыццё парафіі і кожнай хрысціянскай супольнасці пазначана літургічнымі перыядамі і супольнай малітвай. «Тут мы пачынаем разумець, што гэты дар, атрыманы простым чынам у дзяцінстве, з’яўляецца вялікай і вельмі каштоўнай спадчынай, і што малітоўны досвед заслугоўвае няспыннага паглыблення», — дадаў Святы Айцец, падкрэсліўшы, што гэтаму спрыяюць таксама крызісы і «ўваскрашэнні» з іх.

«Подыхам веры з’яўляецца малітва: мы ўзрастаем у веры настолькі, наколькі вучымся маліцца.

Пасля пэўных жыццёвых этапаў мы заўважаем, што без веры не змаглі б іх пераадолець, і што нашай сілай была малітва.Не толькі асабістая, але таксама малітва братоў і сясцёр, малітва супольнасці, якая нас суправаджала і падтрымлівала», — адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што ў Касцёле няспынна ўзнікаюць супольнасці і групы, якія прысвячаюць сябе малітве, а кляштары часта становяцца «цэнтрамі выпраменьвання духоўнасці», «жыццядайнымі клеткамі не толькі для касцёльнай тканкі, але і для ўсяго грамадства».

«Задумаемся, напрыклад, якую ролю адыграла манаства ў нараджэнні і развіцці еўрапейскай цывілізацыі, а таксама іншых культур. Малітва і праца ў супольнасці дапамагае рухаць свет наперад. Гэта рухавік!» — падкрэсліў Пантыфік.

Папа заўважыў, што ў Касцёле ўсё нараджаецца падчас малітвы і развіваецца дзякуючы ёй.

Калі ж сатана хоча ўчыніць шкоду Касцёлу, то ў першую чаргу намагаецца «высушыць яго крыніцы, перашкаджаючы яму маліцца».

Папа Францішак падкрэсліў, што і касцёльныя рэформы немагчыма рэалізаваць без малітвы: «Калі гасне малітва, спачатку здаецца, што ўсё можа працягвацца так як было раней, але неўзабаве Касцёл заўважае, што становіцца нібыта пустой абалонкай, што страціла апорныя восі, што больш не мае крыніцы цяпла і любові».

«Жыццё святых не лягчэйшае за жыццё іншых людзей, — працягваў Святы Айцец, — яны часта з’яўляюцца аб’ектамі супраціву. Але іх моц — гэта малітва, якую яны заўсёды чэрпаюць з бяздоннай „студні“ Маці Касцёла. Малітвай яны жывяць полымя сваёй веры, яна падобная да алею ў светачах. І так яны ідуць наперад па шляху веры і надзеі. Святыя, якія ў вачах свету часта выглядаюць нязначнымі, на самай справе з’яўляюцца тымі, хто яго трымае, — не зброяй грошай, улады ці сродкаў камунікацыі, а зброяй малітвы», — сцвердзіў Пантыфік, дадаўшы, што «светач веры будзе палаць на зямлі да таго часу, пакуль будзе хапаць алею малітвы».

«Важным заданнем Касцёла з’яўляецца малітва і навучанне малітве, перадача з пакалення ў пакаленне светачу веры з алеем малітвы. Без святла гэтага светача мы не зможам знайсці шлях евангелізацыі, добрага ўзрастання; не зможам убачыць абліччы нашых братоў, да якіх павінны наблізіцца і якім павінны служыць; не зможам асвятліць пакой, у якім сустракаемся ў супольнасці. Без веры ўсё абрынецца, а без малітвы вера згасне. Таму Касцёл, будучы домам і школай адзінства, з’яўляецца домам і школай малітвы», — падсумаваў Святы Айцец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця