Пошук

26.03.2021 10:50   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота theguardian.com

24 сакавіка ў Ватыкане былі прадстаўлены два статыстычныя даведнікі Каталіцкага Касцёла: Annuario Pontificio на 2021 год і Annuarium Statisticum Ecclesiae за 2019 год.

Як вынікае з новых статыстычных дадзеных Каталіцкага Касцёла, якія прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, на азіяцкім і амерыканскім кантынентах рост католікаў перавышае рост насельніцтва.

З Annuario Pontificio на 2021 год вынікае, што з пачатку 2020 г. у Каталіцкім Касцёле былі створаны дзве новыя мітраполіі і чатыры біскупскія кафедры (2 дыяцэзіі і 2 епархіі), дзве дыяцэзіі атрымалі статус мітраполій, а дзве тэрытарыяльныя прэлатуры і адзін апостальскі экзархат — дыяцэзій.

Паводле даных Annuarium Statisticum, у 2019 годзе католікаў у свеце было 1 345 млн, што на 16 млн больш, чым у 2018 годзе. Гэта прыкладна 18% жыхароў планеты.

Геаграфічны аналіз змен у двухгадовым перыядзе паказвае рост на 3,4% католікаў у Афрыцы. На азіяцкім і амерыканскім кантынентах рост католікаў перавысіў рост насельніцтва (1,3% супраць 0,9% у Азіі і 0,84% супраць 0,69% у Амерыцы). У Еўропе назіраецца невялікі спад. Акіянія, наадварот, зафіксавала станоўчы тэмп змен: рост колькасці католікаў і насельніцтва аднолькавы — 1,1%.

Адносна тэрытарыяльнай долі католікаў ёсць нязначныя ваганні паміж 2018 і 2019 гадамі: зафіксавана памяншэнне ў Амерыцы (з 48,3 да 48,1%) і ў Еўропе (з 21,5 да 21,2%). У Афрыцы назіраецца рост (з 18,3 да 18,7%), нязначнае павелічэнне ёсць і ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Доля католікаў у Акіяніі застаецца стабільнай — 0,8% ад сусветнай каталіцкай папуляцыі.

У Каталіцкім Касцёле ў 2019 годзе было 5 364 біскупаў, на 13 менш, чым годам раней. Размеркаванне іерархаў па кантынентах застаецца адносна стабільным, прычым у Амерыцы і Еўропе пражывае 68,8% сусветнага епіскапату.

Святароў у свеце стала больш на 271 асобу — усяго 414 336. Рост назіраецца толькі ў Афрыцы і Азіі, адпаведна на 3,45% і 2,91%. У Амерыцы і Еўропе колькасць святароў знізілася на 1,5%. Але Еўропа па-ранейшаму застаецца лідарам у працэнтных суадносінах: тут пражывае 40,6% усяго каталіцкага духавенства.

На працягу апошніх гадоў назіраецца стабільны рост колькасці пастаянных дыяканаў. У 2019 годзе іх стала на 1,5% больш у параўнанні з годам раней — гэта 48 238 чалавек.

Працягвае зніжацца колькасць законных братоў без святарскага пасвячэння: у 2018 годзе іх было 50 941, а ў 2019 годзе — 50 295. Адмоўная дынаміка назіраецца і з манахінямі: іх колькасць знізілася з 641 661 у 2018 годзе да 630 099 у 2019 годзе, адноснае зніжэнне склала 1,8%.

Застаецца тэндэнцыя зніжэння колькасці святарскіх пакліканняў: у 2018 годзе кандыдатаў да святарства на планеце было 115 880, а ў 2019 годзе ўжо толькі 114 058 — менш на 1,6%.

Абноўлена 26.03.2021 14:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа