Пошук

18.03.2021 12:07   Паводле: Vatican News

Падчас агульнай аўдыенцыі 17 сакавіка Папа Францішак завяршыў цыкл катэхетычных разважанняў аб малітве як адносінах з Найсвяцейшай Тройцай.

Дух Святы, падкрэсліў Пантыфік, чые словы перадае беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, з’яўляецца «першым дарам кожнага хрысціянскага жыцця»: не адным са шматлікіх дароў, але «асноватворным Дарам».

«Без Духа Святога няма адносін з Хрыстом і Айцом, таму што Дух Святы адкрывае нашыя сэрцы Божай прысутнасці і прыцягвае іх у вір любові, якім з’яўляецца сэрца самога Бога», — сказаў Святы Айцец.

Па яго словах, Дух Святы «нагадвае нам пра Езуса і робіць Яго прысутным у нас».

«Калі б Хрыстус быў толькі аддаленым у часе, мы былі б самотнымі і загубленымі ў свеце. Аднак у Духу Святым усё ажыўляецца: хрысціянам усіх часоў і месцаў адкрыта магчымасць сустрэчы з Хрыстом», — сцвердзіў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён дадаў, што такі досвед атрымала мноства людзей, і сустрэць іх — гэта сапраўдная Божая ласка, бо «ў іх пульсуе іншае жыццё, іх позірк сягае „па-за“».

«Гэтыя пакорныя сведкі шукалі Бога ў Евангеллі, у прынятай і адараванай Эўхарыстыі, у твары брата ў патрэбе і захоўваюць Божую прысутнасць як таямнічы агонь», — зазначыў Святы Айцец.

Папа перакананы, што менавіта падтрыманне гэтага агню «Божай Любові, Духа Святога» з’яўляецца «першым заданнем хрысціянаў».

«Без агню Духа Святога прароцтвы згасаюць, радасць выцясняецца самотай, любоў замяняецца звычкай, служэнне ператвараецца ў нявольніцтва», — сказаў ён.

Звярнуўшыся да Катэхізісу Каталіцкага Касцёла, Папа Францішак нагадаў, што «Дух Святы, чыё намашчэнне насычае ўсё нашае існаванне, — гэта ўнутраны Настаўнік хрысціянскай малітвы. Гэта майстар жывой традыцыі малітвы. Несумненна, існуе столькі спосабаў малітвы, колькі ёсць тых, хто моліцца, але адзін і той жа Дух Святы дзейнічае ва ўсіх і з усімі. Менавіта ў адзінстве з Духам Святым хрысціянская малітвы становіцца малітвай Касцёла» (пар. ККК 2672).

Такім чынам, падсумаваў Пантыфік, гісторыю Касцёла і свету піша Дух Святы.

«Мы з’яўляемся разгорнутымі старонкамі, гатовымі прыняць Яго запісы.

У кожным з нас Дух Святы здзяйсняе непаўторныя справы, бо няма хрысціяніна, абсалютна падобнага да іншага. На бязмежным полі святасці адзіны Бог, Тройца Любові, дазваляе квітнець разнастайнасці сведкаў: роўных з пункту гледжання годнасці, аднак непаўторных у прыгажосці, якая па волі Духа Святога выпраменьвае з кожнага, каго Божая міласэрнасць учыніла Яго дзіцем», — сказаў Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа