У апублікаваным 1 сакавіка інтэрв’ю журналісту папулярнай італьянскай газеты Corriere della sera Массімо Франка Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI выказаўся пра свой зыход з пасаду святога Пятра восем гадоў таму, а таксама пра новага прэзідэнта ЗША Джозэфа Байдэна.
«Гэта было выпакутаванае рашэнне, — прызнаўся Бэнэдыкт XVI, — але я прыняў яго з поўным усведамленнем і лічу, што добра паступіў.
Некаторыя з маіх крыху „фанатычных“ прыхільнікаў усё яшчэ злуюцца, не жадаючы прыняць майго выбару. Я маю на ўвазе тэорыі змовы, якія ўзніклі пасля гэтага: некаторыя казалі, што прычынай стаў скандал Vatileaks; іншыя бачылі прычыну ў змове гей-лобі, яшчэ хтосьці — ў справе кансерватыўнага лефеўрысцкага біскупа Рычарда Уільямсана. Яны не жадаюць паверыць у свабодна зроблены выбар.
Але маё сумленне ў парадку», — сцвердзіў Папа на пенсіі. Пры гэтым ён выразна падкрэсліў:
«Няма двух Папаў — ёсць толькі адзін, які сёння займае пасад святога Пятра».
Бэнэдыкт XVI выказаўся адносна візіту Папы Францішка ў Ірак: «Я лічу, што гэта вельмі важнае падарожжа. На жаль, яно прыпала на вельмі складаны час, што робіць яго таксама небяспечным як з увагі на меркаванні бяспекі, так і з-за пандэміі COVID-19. На гэта накладаецца і нестабільная сітуацыя ў Іраку.
Я буду спадарожнічаць Францішку сваёй малітвай», — сказаў Бэнэдыкт XVI.
Адносна Джо Байдэна, які стаў другім у гісторыі ЗША пасля Джона Ф. Кенэдзі католікам на пасадзе прэзідэнта краіны, Папа на пенсіі выказаў пэўныя заўвагі ў рэлігійным сэнсе.
«Гэта праўда, што ён католік, прычым практыкуючы. Асабіста ён супраць абортаў, — заўважыў Бэнэдыкт XVI. — А ў пытаннях гендарнай палітыкі мы яшчэ не да канца разумеем, які яго падыход», — дадаў Папа на пенсіі.