Пошук

12.02.2021 14:51   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота: Ansa

12 лютага ў Ватыкане было абнародавана пасланне Папы Францішка на Вялікі пост 2021 года, які распачнецца на наступным тыдні ў Папяльцовую сераду.

Тэма сёлетняга велікапоснага паслання Папы:

«„Вось, мы ўзыходзім у Ерузалем…“ (Мц 20, 18). Вялікі пост — час аднавіць веру, надзею і любоў».

Як паведаміла беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец у ім адзначае, што «абвяшчаючы сваім вучням муку, смерць і ўваскрасенне як выкананне волі Айца, Езус паказаў ім глыбокі сэнс сваёй місіі і заклікаў далучыцца да яе дзеля збаўлення свету». Хрысціяне прыходзяць да Пасхі шляхам Вялікага посту. У гэты благаслаўлёны час мы аднаўляем нашу веру, чэрпаем «жывую ваду» надзеі і прымаем з адкрытым сэрцам Божую любоў, якая перамяняе нас у братоў і сясцёр у Хрысце.

Пантыфік падкрэсліў, што ўмовамі і выразам нашага пакаяння з’яўляюцца пост — «шлях беднасці і нягодаў», міласціна — «позірк на параненага чалавека і жэсты любові да яго», а таксама малітва — «сыноўскі дыялог з Айцом». Гэтыя правілы «дазваляюць нам уцелавіць шчырую веру, жывую надзею і дзейсную любоў», — дадаў Папа.

  • Вера кліча нас прыняць Праўду і стаць яе сведкамі перад Богам і перад усімі нашымі братамі і сёстрамі

Святы Айцец зазначыў, што Праўда — не плён «інтэлектуальных канструкцый», дасяжны толькі некаторым, а «пасланне, якое мы прымаем і можам зразумець дзякуючы розуму сэрца, адкрытаму велічы Бога».

«Гэтая Праўда — сам Хрыстус, які, цалкам прыняўшы нашую чалавечнасць, стаў Шляхам — патрабавальным, але адкрытым для ўсіх, — што вядзе да паўнаты Жыцця», — піша Папа.

Пастыр Касцёла зазначае, што, калі мы посцім у прастаце сэрца і ў духу абмежаванняў, тады нанава адкрываем для сябе дар Бога і асэнсоўваем наш стан стварэнняў, якія ў Ім знаходзяць спаўненне. У досведзе добраахвотнай беднасці чалавек, які посціць, становіцца бедным з беднымі і назапашвае багацце любові, атрыманай і раздзеленай з іншымі. Калі пост перажываецца такім чынам ён, як сцвярджае Святы Айцец, дапамагае любіць Бога і бліжняга.

«Вялікі пост — гэта час для таго, каб верыць, каб прыняць Бога ў наша жыццё і дазволіць Яму пасяліцца ў нас.

Посціць — значыць вызваліць наша жыццё ад таго, што яго абцяжарвае, у тым ліку ад перагрузкі інфармацыяй — праўдзівай і фальшывай — і спажывальніцтва, каб адкрыць дзверы нашага сэрца Таму, хто прыходзіць да нас бедным ва ўсім, але „поўным ласкі і праўды“: Сына Бога-Збаўцу», — напісаў Папа Францішак.

  • Надзея як «жывая вада», якая дазваляе нам працягваць наш шлях

Пантыфік нагадаў, што абяцаючы «жывую ваду» самаранцы, абвяшчаючы сваё ўваскрасенне пасля смерці, Пан абвяшчае надзею: «Спадзявацца з Ім і дзякуючы Яму — значыць верыць, што гісторыя не завяршаецца на нашых памылках, насіллі, несправядлівасці і граху, які ўкрыжоўвае Любоў».

Мець надзею — значыць «чэрпаць прабачэнне Айца з Яго адкрытага сэрца» ў сакрамэнце споведзі і стаць людзьмі, якія нясуць прабачэнне і суцяшэнне.

«Божае прабачэнне, у тым ліку праз нашыя словы і ўчынкі, дазваляе перажыць Пасху братэрства», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Ён заклікаў на працягу Вялікага посту несці людзям «словы падтрымкі, якія гояць, умацоўваюць суцяшаюць і заахвочваюць, словы, якія не прыніжаюць, не засмучаюць, не раздражняюць, не выказваюць пагарду» (Fratelli tutti, 223). Часам для таго, каб адарыць надзеяй, дастаткова быць «зычлівым чалавекам, які гатовы адкласці ўсе свае страхі і тэрміновыя справы ў бок, каб звярнуць на кагосьці ўвагу, падараваць усмешку, сказаць спагаднае слова і выслухаць сярод агульнай абыякавасці» (Fratelli tutti, 224), — нагадаў Папа.

Ён звярнуў увагу таксама на важнасць асабістай малітвы.

«Перажыць Вялікі пост з надзеяй — значыць адчуць, што ў Езусе Хрысце мы з’яўляемся сведкамі новага часу, у якім Бог абнаўляе ўсё», — напісаў Пантыфік.

  • Міласэрная любоў, якой мы жывем, наследуючы Хрыста, з увагай і спагадай да кожнага, з’яўляецца найвышэйшым выразам нашай веры і надзеі

Папа падкрэсліў, што міласэрная любоў радуецца, калі бачыць як узрастае бліжні. «Таму яна пакутуе, калі іншы чалавек прабывае ў нястачы: самотны, хворы, бяздомны, пагарджаны, патрабуючы. Любоў — гэта імпульс сэрца, які дазваляе выйсці па-за свае межы, ствараючы повязь падтрымкі і адзінства».

«Пачаўшы з „сацыяльнай любові“, можна ісці ў кірунку цывілізацыі любові, да якой мы ўсе можам адчуваць сябе пакліканымі.

Любоў з яе ўніверсальным дынамізмам здольная будаваць новы свет, бо не з’яўляецца адным толькі пачуццём, але найлепшым сродкам для выяўлення эфектыўных шляхоў развіцця для ўсіх» (Fratelli tutti, 183), — нагадаў Святы Айцец.

Ён падкрэсліў, што любоў — гэта дар, які напаўняе сэнсам наша жыццё і дзякуючы якому мы лічым патрабуючага членам нашай сям’і, сябрам, братам. Нават самае малое дабро, падоранае іншым з любоўю, не вычэрпваецца ніколі, але становіцца крыніцай жыцця і шчасця. «Так адбываецца з нашай малой ці вялікай міласцінай, якую даем з радасцю і прастатой», — упэўнены Пантыфік.

Ён заўважыў, што перажыць Вялікі пост у духу міласэрнай любові значыць клапаціцца пра людзей, пакутуючых, пакінутых і ўстрывожаных па прычыне пандэміі. Ён заклікаў падтрымліваць іх словамі надзеі, дапамагаць адчуць, што Бог любіць іх як сваіх дзяцей.

Папа Францішак завяршыў пасланне малітвай да Маці Збаўцы, просячы Яе падтрымліваць вернікаў сваёй клапатлівай прысутнасцю, а таксама прасіць Уваскрослага Пана, каб Ён сваім благаслаўленнем «суправаджаў нас на шляху да пасхальнага святла», — паведамляецца на старонцы беларускай рэдакцыі парталу Vatican News.

Абноўлена 12.02.2021 14:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.