Пошук

25.01.2021 12:22   Паводле: Vatican News
Фота: Aciprensa.com

Кожны момант, кожнае імгненне нашага жыцця — каштоўны час, каб любіць Бога і бліжняга і такім чынам увайсці ў вечнае жыццё, сказаў Папа перад малітвай «Анёл Панскі» 24 студзеня ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак, у якім Езус прапаведваў у Галілеі, кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае; кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15). Ён заўважыў, што «споўнены» час — кульмінацыя збаўчай дзейнасці Бога, які паслаў свайго Сына ў свет, а Яго Валадарства стала як ніколі блізкім.

Разам з тым Папа падкрэсліў, што збаўленне не адбываецца аўтаматычна, яно з’яўляецца дарам любові і ў сілу гэтага патрабуе свабоднага адказу: гэта значыць прадугледжвае наша пакаянне.

«Гаворка ідзе пра змену ладу мыслення і змену жыцця: больш не наследаваць прыклады, якія дае свет, але Бога, які ёсць Езусам.

Гаворка ідзе пра радыкальную змену поглядаў і паводзінаў. Насамрэч, грэх – у першую чаргу грэх марнасці, які, як паветра, пранікае паўсюль, — прынёс у свет лад мыслення, схільны да самасцвярджэння коштам іншых і Бога», — заўважыў Пантыфік.

Папа дадаў, што пасланне Езуса супярэчыць усяму гэтаму, запрашае нас прызнаць сябе «патрабуючымі Бога і Яго ласкі, мець ураўнаважаныя адносіны да зямных дабротаў, быць гасціннымі і пакорнымі да ўсіх, пазнаваць і рэалізоўваць сябе ў сустрэчы і служэнні іншымі».

«Для кожнага з нас час, калі можам прыняць адкупленне, з’яўляецца кароткім: ён адпавядае працягласці нашага жыцця ў гэтым свеце (…) Ён з’яўляецца дарам бясконцай любові Бога, але таксама і часам праверкі нашай любові да Яго. Таму кожны момант, кожнае імгненне нашага існавання — гэта каштоўны час для таго, каб любіць Бога і бліжняга і такім чынам увайсці ў вечнае жыццё», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Пантыфік заўважыў, што кожная фаза нашага жыцця мае ўласную каштоўнасць і можа быць прывілеяваным момантам для сустрэчы з Богам.

«Вера дапамагае нам зразумець духоўнае значэнне гэтых перыядаў: кожны з іх утрымлівае асаблівае пакліканне Пана, на якое мы можам даць станоўчы ці адмоўны адказ. У Евангеллі мы бачым, як адказалі Сымон, Андрэй, Якуб і Ян: яны былі дарослымі мужчынамі, працавалі рыбакамі, мелі сем’і… І тым не менш, калі Езус прайшоў і паклікаў іх, “пакінуўшы сеткі, адразу пайшлі за Ім” (Мк 1, 18)», — нагадаў Папа.

Завяршаючы разважанне, Святы Айцец пажадаў, каб Панна Марыя «дапамагла нам пражываць кожны дзень, кожны момант, як час збаўлення» і пакаяцца, адмовіўшыся ад ладу мыслення гэтага свету на карысць логікі любові і служэння.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.