Упершыню ў гісторыі Папа прызначыў старшынёй Дысцыплінарнай камісіі Рымскай курыі свецкую асобу — прафесара Вінчэнцо Буаномо, рэктара Папскага Латэранскага ўніверсітэта.
Як паведамляе Sedmitza.ru са спасылкай на Сatholicnewsagency, чакаюцца новыя падобныя прызначэнні.
Камісія, якая складаецца са старшыні і шасці членаў, заснавана Янам Паўлам ІІ у 1981 г. Яе галоўная задача — абгрунтаванне і накладанне пакаранняў на духавенства, у тым ліку пазбаўленняў сану і звальненняў.
Прызначэнне непрафесіянала і свецкага чалавека, прафесара Буаномо, на пасаду старшыні — выпадак беспрэцэдэнтны.
У адпаведнасці са Статутам Камісіі ад 2016 г., старшынёй прызначаецца кардынал або біскуп. Да гэтага часу ў Камісіі было пяць старшыняў: тры кардыналы, арцыбіскуп і біскуп, апошні з іх памёр у 2019 г.
Прафесар Буаномо быў членам Камісіі да прызначэння старшынёй, і Папу трэба будзе прызначыць новага члена Камісіі на яго месца.
У 2018 г. Папа Францішак прызначыў прафесара на пасаду першага свецкага рэктара Папскага Латэранскага ўніверсітэта, з таго часу Пантыфік двойчы наведваў гэты ўніверсітэт. З 2014 г. Буаномо таксама быў дарадчыкам дзяржаўнай адміністрацыі Ватыкана і ўваходзіў у камітэт, які распрацаваў першы закон Ватыкана аб закупках, выдадзены ў 2020 г.
Яго прызначэнне старшынёй Камісіі Sedmitza.ru называе «знакам вышэйшага даверу Пантыфіка і працягу яго палітыкі прызначэння свецкіх асобаў на вышэйшыя пасады ў Курыі».
У мінулым годзе Папа прызначыў свецкіх асобаў на пасады генеральнага сакратара Сакратарыяту па эканоміцы, генеральнага сакратара Службы маёмасці Апостальскага Пасаду, а ў 2018 г. — прэфекта Дыкастэрыі па справах камунікацый.