Падчас агульнай аўдыенцыі 16 снежня Папа адзначыў, што «той, хто не любіць брата, не моліцца па-сур’ёзнаму» і што вернікі павінны не асуджаць, а маліцца за ўсіх, «бо мы ўсе браты па ўразлівасці, пакутах і грэшнасці». Аўдыенцыя прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у катэхезе Пантыфік звярнуў увагу на тое, што «чалавек, які моліцца, ніколі не паварочваецца да свету плячыма», бо «калі малітва не ўбірае ў сябе радасць і пакуты, надзею і трывогу чалавецтва, яна становіцца „дэкаратыўным“, павярхоўным, сентыментальным дзействам».
«Мы ўсе маем патрэбу ў клопаце аб нашым унутраным свеце: патрабуем адасобленага месца і часу, прысвечанага нашым адносінам з Богам. Але гэта не ўцёкі ад рэальнасці. У малітве Бог „бярэ, благаслаўляе, а потым ламае і раздае“ нас, каб наталіць голад усіх. Такім чынам, кожны хрысціянін пакліканы станавіцца ў руках Бога хлебам, паламаным і падзеленым», — падкрэсліў Папа Францішак.
Святы Айцец заўважыў, што людзі малітвы шукаюць адзіноты і цішыні не для таго, каб іх ніхто не турбаваў, але каб лепш чуць голас Бога.
«Часам яны аддаляюцца ад свету ў таемнасць свайго пакою, як раіў Езус, але, дзе б яны ні былі, яны заўсёды трымаюць адчыненымі дзверы свайго сэрца: для тых, якія моляцца, але не ўмеюць маліцца; для тых, якія не моляцца, але носяць у сабе заглушаны крык, схаваны вокліч; для тых, якія памыліліся і згубілі шлях… Кожны можа пастукацца ў дзверы чалавека малітвы і знайсці спагадлівае сэрца, якое моліцца, не выключаючы нікога», — сцвердзіў Пантыфік.
Па яго словах, у малітоўнай адзіноце «мы аддаляемся ад усяго і ўсіх, каб знайсці ўсё і ўсіх у Богу». «Чалавек малітвы моліцца за ўвесь свет, несучы на сваіх плячах пакуты і грахі. Ён моліцца за ўсіх і кожнага, застаючыся падобным да Божай „антэны“ ў гэтым свеце. У кожным бедным, які стукае ў дзверы, у кожным, хто згубіў сэнс жыцця, чалавек малітвы бачыць аблічча Хрыста», — звярнуў увагу Папа.
Святы Айцец нагадаў, што цэнтральнае месца ў малітве прадвызначана чалавеку, а «той, хто не любіць брата, не моліцца па-сур’ёзнаму».
Вернікі павінны не асуджаць, а маліцца, за ўсіх, у тым ліку за сябе, «бо мы ўсе браты па ўразлівасці, пакутах і грэшнасці», адзначыў ён.
«Свет крочыць наперад дзякуючы гэтаму ланцугу людзей малітвы, якія заступаюцца, застаючыся, часцей за ўсё, невядомымі… але не для Бога! Ёсць шмат невядомых хрысціян, якія ў часы пераследу паўтаралі словы нашага Пана: „Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць“», — заўважыў Папа.
Пантыфік дадаў, што добры пастыр застаецца верным нават перад абліччам грахоўнасці свайго народа: ён працягвае заставацца айцом, нават калі дзеці аддаляюцца і пакідаюць яго; ён служыць як пастыр нават тым, хто прымушае яго пэцкаць рукі; ён не закрывае сэрца перад тымі, хто можа прымусіць яго пакутаваць.
«Касцёл ва ўсіх сваіх членах мае місію, якая заключаецца ў заступніцкай малітве: заступацца за ўсіх. У прыватнасці, гэты абавязак ляжыць на асобах, надзеленых асаблівай адказнасцю: бацьках, выхаваўцах, святарах, настаяцелях супольнасцяў… Як Абрагам і Майсей, часам яны павінны абараняць перад Богам людзей, даручаных ім. Насамрэч гаворка ідзе пра тое, каб глядзець на іх вачыма і сэрцам Бога, з такой жа непераможнай спагадай і ласкавасцю», — патлумачыў Святы Айцец.
Па яго словах, мы ўсе з’яўляемся лісцем аднаго дрэва, і калі нехта ад гэтага дрэва адрываецца, трэба праявіць да яго спагаду, умацоўваючы яе ўзаемнай малітвай.
«Будзем жа маліцца адно за аднаго! Гэта будзе карысна нам і ўсім», — завяршыў катэхезу Пантыфік.
Вітаючы вернікаў падчас гэтай агульнай аўдыенцыі, Папа сказаў: «Хацеў бы заклікаць усіх “паскорыць крок” у кірунку сапраўднага Божага Нараджэння, нараджэння Езуса Хрыста. Сёлета нас чакаюць абмежаванні і нязручнасці, але падумаем пра тое, якім было Божае Нараджэнне для Панны Марыі і святога Юзафа: не было руж і кветак! Колькі цяжкасцяў яны мелі! Колькі турбот! Але іх вялі і падтрымлівалі вера, надзея і любоў. Няхай так будзе і ў нашым выпадку!»
Пантыфік пажадаў, каб сёлетнія цяжкасці дапамаглі ачысціць святкаванне Божага Нараджэння ад спажывальніцтва і свята стала больш рэлігійным і сапраўдным.
Спасылаючыся на пачатак навэнны да Дзіцяткі Езуса, Папа пажадаў вернікам, каб асабліва на сёлетнім адвэнтавым шляху іх суправаджаў св. Юзаф. «Няхай маленькі Езус, які бачыў у ім ласкавасць Бога, напоўніць вашыя сэрцы — асабліва ў гэты нялёгкі час — упэўненасцю ў тым, што наш Нябесны Айцец з’яўляецца Богам ласкавасці, што Ён добры для ўсіх, што Яго міласэрнасць сыходзіць на ўсіх Яго дзяцей», — сказаў Папа.