Сведчанне Яна Хрысціцеля з’яўляецца парадыгматычным для кожнага, хто жадае шукаць сэнс жыцця і знайсці сапраўдную радасць, сказаў Папа перад малітвай «Анёл Панскі» 13 снежня ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік заўважыў, што заклік да радасці — рыса, уласцівая часу Адвэнту. Па словах Папы, чаканне, якое перажываем — радаснае, крыху падобнае да чакання візіту чалавека, якога моцна любім, напрыклад, сябра ці сваяка, якога не бачылі ўжо вельмі даўно.
«Гэтае вымярэнне радасці асабліва праяўляцца сёння, у трэцюю нядзелю, якая пачынаецца заклікам святога Паўла: “Заўсёды радуйцеся ў Пану”… У чым жа прычына гэтай радасці? — У тым, што “Пан — блізка”. Чым Пан бліжэй да нас, тым больш радуемся; чым Ён далей — тым больш сумуем. Вось правіла хрысціян», — падкрэсліў Пантыфік.
Ён заклікаў сведчыць пра ўваскрасенне Хрыста радаснымі тварамі, не насіць на абліччы пахавальнага смутку.
Папа дадаў, што пасля Багародзіцы і св. Юзафа першым і ў найбольшай меры жыў чаканнем Месіі і радасцю ўбачыць Яго прыйсце святы Ян Хрысціцель.
«Евангеліст уводзіць яго ў апавяданне ўрачыста: “З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло”. Хрысціцель — першым засведчыў пра Езуса, словам і дарам жыцця. Усе Евангеллі сыходзяцца ў дэманстрацыі таго, што ён споўніў сваю місію, указваючы на Езуса як на Хрыста, Божага пасланніка, абяцанага прарокамі», — сказаў Папа Францішак
«Ян быў лідарам свайго часу. Слава пра яго разышлася па ўсёй Юдэі і нават далей, аж да Галілеі. Але ён нават на імгненне не паддаўся спакусе прыцягнуць увагу на сябе: ён заўсёды скіроўваў да Таго, які павінен быў прыйсці. Ён казаў: “Я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных”», — дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.
«Вось першая ўмова хрысціянскай радасці: не засяроджвацца на сабе і ставіць у цэнтр Езуса. Гэта не вар’яцтва, бо Езус насамрэч з’яўляецца цэнтрам, з’яўляецца святлом, якое дае паўнату сэнсу жыцця кожнаму чалавеку, што прыходзіць у гэты свет. Гэта тая ж дынаміка, якая падштурхоўвае мяне выйсці па-за сябе, не каб згубіцца, а каб нанава знайсці сябе ў прынясенні сябе ў дар, у пошуку дабра іншага», — адзначыў Пантыфік.
Па словах Святога Айца, Ян Хрысціцель прайшоў доўгі шлях, каб пачаць сведчыць пра Хрыста.
«Шлях радасці — не прагулка. Трэба шмат працаваць, каб заўсёды быць радаснымі. Ён пакінуў усё, ад самай маладосці, каб паставіць Бога на першае месца, каб усім сэрцам і ўсімі сіламі слухаць Яго слова. Ён сышоў у пустыню, пазбавіўся ўсяго павярхоўнага, каб у большай свабодзе ісці за ветрам Святога Духа.
Вядома, некаторыя рысы яго асобы — выключныя, непаўторныя, іх немагчыма прапанаваць усім. Тым не менш, яго сведчанне парадыгматычнае для кожнага чалавека, які жадае шукаць сэнс свайго жыцця і знайсці сапраўдную радасць. У прыватнасці, Хрысціцель — гэта прыклад для тых у Касцёле, хто пакліканы абвяшчаць Хрыста іншым: яны могуць рабіць гэта толькі будучы непрывязанымі да сябе і духа гэтага свету, прыцягваючы людзей не да сябе, а скіроўваючы іх да Езуса.
Радасць заключаецца ў гэтым — прыцягваць да Езуса»,
— дадаў Папа.
«Молячыся зараз “Анёл Панскі”, мы бачым, што ўсё гэта напоўніцу споўнілася ў Панне Марыі: Яна ў цішыні чакала Слова Божага збаўлення; выслухала яго, прыняла яго, зразумела яго. У Ёй Бог стаў блізкім. Таму Касцёл называе Марыю “Прычына нашай радасці”», — сказаў на заканчэнне свайго разважання Пантыфік.