Пошук

10.12.2020 13:41   Паводле: КАІ / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by

Як сказаў пасол Казахстана пры Апостальскай Сталіцы, існуе «вялікая надзея», што Папа Францішак наведае гэтую краіну ў наступным годзе, калі дазволіць сітуацыя, звязаная з пандэміяй каранавірусу.

Па інфармацыі Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва КАІ, Алібек Бакаеў адзначыў, што яго радзіма плануе арганізаваць сёмае пасяджэнне Кангрэсу лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій у чэрвені 2021 г. і чакае, што Папа Францішак возьме ў ім удзел.

«Мы вельмі спадзяемся, што ў праграме Папы знойдзецца магчымасць наведаць Казахстан», — сказаў Бакаеў.

Ён дадаў, што гэта будзе гістарычны візіт, які супадзе з 20-годдзем першага візіту Папы ў гэтую краіну (Яна Паўла ІІ, з 22 па 25 верасня 2001 г.).

Як адзначыў дыпламат у інтэрв’ю тэлеканалу EWTN 4 снежня, ён спадзяецца, што ў межах візіту Папы будзе магчыма падпісаць шэраг розных двухбаковых дакументаў, у прыватнасці Мемарандум аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў некаторых галінах: навуцы, адукацыі, медыцыне.

Існуюць таксама меркаванні, што ў сталіцы Казахстана магла б адбыцца з гэтай нагоды сустрэча Святога Айца з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Па словах Бакаева, візіт Папы будзе «асаблівай падзеяй не толькі для католікаў Казахстана, але і для ўсяго рэгіёну Сярэдняй Азіі».

У Казахстане пяць каталіцкіх дыяцэзій і каля 250 тысяч католікаў лацінскага абраду, паводле статыстыкі 2008 г., якія ўтвараюць невялікую меншасць з 18,28 мільёнаў жыхароў.

Этнічныя казахі ў асноўным з’яўляюцца мусульманамі-сунітамі.

Паводле перапісу 2009 г., другімі па колькасці з’яўляюцца ў краіне вернікі Рускай Праваслаўнай Царквы, да якой належаць больш за 20 працэнтаў жыхароў. Таксама там пражывае шмат імігрантаў.

У мінулым годзе Папа Францішак стварыў Апостальскую адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду ў Карагандзе ў Казахстане, таму што расце колькасць украінскіх грэка-католікаў, якіх там каля 10 тысяч.

Апостальская Сталіца ўстанавіла дыпламатычныя стасункі з Рэспублікай Казахстан у кастрычніку 1992 г., усяго праз дзесяць месяцаў пасля яе ўтварэння ў снежні 1991 г.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа