Не саромецца адчуваць патрэбу ў малітве заклікаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 9 снежня ў фармаце відэатрансляцыі з Апостальскага палаца ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у катэхезе Пантыфік заўважыў, што хрысціянская малітва — цалкам «чалавечая»: яна ўключае ў сябе праслаўленне і просьбы. Па словах Папы, малітвай «Ойча наш» Езус вучыў апосталаў адносінам сыноўскага даверу да Бога і мужнасці звяртацца да Яго са сваімі патрэбамі.
Спасылаючыся на Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, Пантыфік падкрэсліў, што ў малітоўных просьбах ёсць іерархія: у першую чаргу мы просім аб надыходзе Нябеснага Валадарства, а затым аб усім неабходным для яго прыняцця і спрыяння яму.
«Але ў малітве „Ойча наш“ мы молімся таксама аб найбольш простых і звычайных дарах, такіх, як „штодзённы хлеб“: аб здароўі, доме, працы; а таксама аб Эўхарыстыі, неабходнай для жыцця ў Хрысце. Молімся аб прабачэнні грахоў, а значыць аб міры ў нашых адносінах. І, нарэшце, аб тым, каб Бог дапамог нам у час спакус і збавіў ад злога», — нагадаў Пантыфік.
Паводле Святога Айца, прасіць — гэта вельмі па-чалавечы, аднак часам нам здаецца, што нам нічога не патрэбна, нам дастаткова саміх сябе.
«Але раней ці пазней гэтая ілюзія знікае. Чалавек — гэта вокліч, які часам ператвараецца ў крык, нярэдка нямы. Душа падобная да засохлай, спрагнёнай зямлі. Мы ўсе адчуваем, у той ці іншы момант нашага жыцця, млявасць і самотнасць. Біблія не саромеецца паказаць чалавечы стан, пазначаны хваробай, несправядлівасцю, здрадай сяброў ці пагрозай з боку ворагаў.
Часам здаецца, што ўсё рухне, што ўсё жыццё было марным. У такіх сітуацыях, якія здаюцца безвыходнымі, ёсць адно выйсце: крык, малітва: „Пане, дапамажы мне!“ Малітва адкрывае шчыліны святла сярод самай непрагляднай цемры», — сказаў Папа.
Ён падкрэсліў, што разам з чалавекам моліцца ўвесь сусвет, аб чым апостал Павел кажа: «Мы ж ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу. І не толькі яно, але і мы самі, якія маем пачатак Духа, і мы ў сабе стогнем, чакаючы ўсынаўлення, адкуплення цела нашага» (Рым 8, 22-24). «У нас адгукаецца разнастайнае маленне стварэнняў: дрэваў, гор, жывёл… Усё прагне спаўнення», — дадаў Папа.
Пантыфік заклікаў не саромецца жадання маліцца, асабліва калі знаходзімся ў патрэбе.
«Просьбам спадарожнічае прыняцце нашых абмежаванняў і нашага стану стварэння. Можна нават не дасягнуць веры ў Бога, але складана не верыць у малітву: яна проста існуе, яна ўзнікае ў нас як крык. І мы ўсе павінны лічыцца з унутраным голасам, які, магчыма, маўчыць на працягу доўгага часу, але аднойчы абуджаецца і пачынае гучаць», — сцвердзіў Святы Айцец.
Па яго словах, Бог абавязкова адкажа на малітоўныя просьбы чалавека, і Біблія паўтарае гэта бясконцую колькасць разоў: Пан чуе крык тых, хто Яго кліча, нават нашы ціха прамоўленыя просьбы, нават тыя, якія застаюцца ў глыбіні сэрца, якія саромеемся выказаць…
«Нават смерць дрыжыць, калі хрысціянін моліцца, бо ведае, што кожны чалавек малітвы мае саюзніка, мацнейшага за яе: Уваскрослага Пана»,
— сказаў Папа.
Падсумоўваючы катэхезу, пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў вучыцца жыць у чаканні Пана, які прыходзіць да нас штодзённа, а не толькі на вялікія святы, хоць вельмі часта мы не разумеем, што Ён побач, што Ён стаіць ля нашых дзвярэй і чакае нас.