Пошук

08.12.2020 10:43   Паводле: Vatican News
Фота: ANSA

У разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 6 снежня Папа Францішак адзначыў, што ў Святым Пісанні навяртанне — гэта змена кірунку і спосабу мыслення.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у разважанні Пантыфік разважаў над Евангеллем Другой нядзелі Адвэнту (Мк 1, 1-8) і нагадаў яго галоўны пасыл — патрэбу кожнага ў навяртанні.

«У маральным і духоўным жыцці навяртанне азначае зварот ад зла да дабра, ад граху да Божай любові. Гэтаму вучыў Ян Хрысціцель, які ў Юдэйскай пустыні „абвяшчаў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў“. Хрост быў знешнім і бачным знакам навяртання тых, хто слухаў яго пропаведзь і вырашыў пакаяцца. Хрост адбываўся праз акунанне ў ваду, але заставаўся бескарысным, калі не было гатоўнасці пакаяцца і змяніць сваё жыццё», — заўважыў Папа.

«Навяртанне ўключае боль за здзейсненыя грахі, жаданне вызваліцца ад іх, дазвол назаўсёды выключыць іх са свайго жыцця.

Каб пазбавіцца граху, мы таксама павінны адкінуць усё, што з ім звязана: мысленне гэтага свету, празмерную прывязанасць да камфорту, задавальнення, матэрыяльнага дабрабыту, багацця»,

— падкрэсліў Святы Айцец.

І тут, па яго словах, Ян Хрысціцель, чалавек, які «адмаўляецца ад лішняга і шукае неабходнае», для хрысціян з’яўляецца першым прыкладам, бо галоўная рыса навяртання, як заўважыў Папа, — «адарванасць ад граху і свецкасці».

Іншы аспект навяртання, на які звярнуў увагу Пантыфік, — гэта пошук Бога і Яго Валадарства. «Адмова ад камфорту і свецкага менталітэту не з’яўляецца самамэтай, але накіравана на дасягненне нечага большага: Божага Валадарства, камуніі з Богам, сяброўства з Богам. Але гэта няпроста, таму што існуе мноства рэчаў, якія набліжаюць нас да граху: непастаянства, расчараванне, злосць, шкоднае асяроддзе, дрэнны прыклад. Часам цяга, якую мы адчуваем да Пана, занадта слабая і амаль здаецца, што Бог маўчыць; Яго абяцанні суцяшэння падаюцца нам далёкімі і нерэальнымі <...>.

І тады ў нас узнікае спакуса сказаць, што немагчыма па-сапраўднаму навярнуцца»,

— дадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Папа прапанаваў у такіх выпадках перш за ўсё памятаць, «што навяртанне — гэта ласка», і «прасіць у Бога сілы». «Мы навяртаемся па-сапраўднаму ў той ступені, у якой адкрываемся на прыгажосць, дабро і пяшчоту Бога», — заўважыў ён.

«Найсвяцейшая Марыя, якую паслязаўтра будзем ушаноўваць ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, няхай дапамагае нам усё больш і больш аддзяляцца ад граху і мірскога і адкрывацца для Бога, Яго слова, Яго любові, якая аднаўляе і збаўляе», — завяршыў сваё разважанне Пантыфік.

Таксама ён звярнуў увагу на ялінку і батлейку, якую ў гэтыя дні ўстанаўліваюць на галоўнай ватыканскай плошчы. «Гэтыя два калядныя сімвалы таксама прысутнічаюць у многіх дамах, на радасць дзецям — і нават дарослым. Яны з’яўляюцца прыкметай надзеі, асабліва ў гэты цяжкі час», — адзначыў Папа.

Ён заклікаў «не спыняцца на знаках, але ісці да сэнсу, да Езуса: да Божай любові, якую Ён нам адкрыў, да бясконцай дабрыні, ззянне якой Ён паказаў свету».

«Няма такой пандэміі, няма такога крызісу, які мог бы згасіць гэтае святло.

Дазволім жа яму ўвайсці ў нашыя сэрцы: працягнем руку тым, каму гэта больш за ўсё патрэбна, каб Бог зноў нарадзіўся ў нас і сярод нас», — сказаў Пантыфік.

Абноўлена 08.12.2020 10:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.