Катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 2 снежня ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана, Пантыфік прысвяціў такому вымярэнню малітвы, як благаслаўленне.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа адзначыў, што ў біблійным апавяданні пра стварэнне сусвету Бог няспынна благаслаўляў тое, што стварае: жывёл, чалавека і нават дзень адпачынку.
«Бог благаслаўляе, але таксама людзі благаслаўляюць, і хутка мы заўважаем, што благаслаўленне мае асаблівую сілу, якая суправаджае на працягу ўсяго жыцця таго, хто яго атрымлівае, і адкрывае сэрца чалавека на тое, каб Бог перамяніў яго», — падкрэсліў Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што Бог пакінуў на кожным стварэнні пячатку дабрыні і прыгажосці, аднак з цягам часу чалавек стаў сапсутым, здольным распаўсюджваць зло і смерць у свеце.
«Але нішто і ніколі не зможа знішчыць першай пячаткі Бога, пячаткі дабрыні, якую Ён наклаў на свет, на чалавечую прыроду, на ўсіх нас: здольнасці благаслаўляць і таго факту, што мы благаслаўлёныя. Бог не памыліўся са стварэннем і нават са стварэннем чалавека.
Надзея свету цалкам заключана ў Божым благаслаўленні: Ён працягвае любіць нас, Ён першы, як казаў паэт Пегі, працягвае спадзявацца на наша дабро»,
— сцвердзіў Папа.
Пантыфік дадаў, што вялікім благаслаўленнем і дарам Бога для ўсяго чалавецтва стаў Езус Хрыстус. Як адзначыў Папа, Ён — вечнае Слова, якім Айцец благаславіў нас ужо тады, «калі мы былі яшчэ грэшнікамі» (Рым 5,8), Слова, якое стала целам і было ахвяравана за нас на крыжы.
Папа нагадаў словы апостала Паўла, які з узрушэннем абвяшчаў задуму Божай любові: «Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, які благаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным благаслаўленнем на нябёсах і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён прадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным» (Эф 1, 3-6).
«Няма такога граху, які мог бы цалкам змыць вобраз Хрыста, прысутны ў кожным з нас. <…> Грэх можа сказіць гэты вобраз, але не можа пазбавіць нас Божай міласэрнасці. Грэшнік можа трываць у сваіх памылках вельмі доўга, але Бог церпіць да канца, спадзеючыся, што напрыканцы гэтае сэрца адкрыецца і зменіцца.
Бог — як добры бацька і добрая маці: яны ніколі не перастаюць любіць сваё дзіця, колькі б яно ні памылялася»,
— сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.
Па яго словах, моцным досведам можа стаць чытанне біблійных тэкстаў аб благаслаўленні ў турме ці ў месцы, дзе людзі праходзяць рэабілітацыю. Як адзначыў ён, вельмі важна «данесці да гэтых людзей думку, што яны застаюцца благаслаўлёнымі, нягледзячы на цяжкія памылкі, што Нябесны Айцец працягвае любіць іх і спадзявацца на тое, што яны, нарэшце, адкрыюцца на дабро». Нават калі самыя блізкія іх пакідаюць, лічачы немагчымым іх выпраўленне, для Бога яны заўсёды застаюцца дзецьмі, дадаў Папа.
«Часам можна ўбачыць цуды: людзей, якія нараджаюцца нанава, таму што яны знаходзяць благаслаўленне, якім былі намашчаны як Божыя дзеці; таму што Божая ласка змяняе жыццё: заўсёды бярэ нас такімі, якія мы ёсць, але ніколі не пакідае нас такімі самымі», — заўважыў Пантыфік.
Папа нагадаў, што ў адкінутых і адчужаных людзях Езус заўсёды бачыў нязмыўнае благаслаўленне Айца; «больш за тое, Ён сам атаясамліваў сябе з кожным чалавекам у нястачы».
«Богу, які благаслаўляе, давайце таксама і мы адкажам благаслаўленнем.
Бог навучыў нас благаслаўляць, і мы павінны рабіць гэта.
Гаворка ідзе пра малітву праслаўлення, адарацыі, падзякі. <…> Малітва — гэта радасць і ўдзячнасць. Бог чакае нашага пакаяння не для таго, каб пачаць любіць нас; Ён робіць гэта нашмат раней, калі яшчэ прабываем у граху», — сказаў Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што наш свет мае патрэбу ў благаслаўленні і добрым слове, а не ў праклёнах і войнах.