Пасярод жыццёвых бураў Бог заўсёды працягвае руку і вызваляе ад пагрозаў, адзначыў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі», якая 29 лістапада прайшла ў Ватыкане.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пастыр паўсюднага Касцёла нагадаў, што ў першую нядзелю Адвэнту пачынаецца новы літургічны год. Папа дадаў, што Касцёл пазначае ім бег часу праз святкаванне галоўных падзей жыцця Езуса і гісторыі збаўлення, а робячы гэта, Касцёл, як Маці, «асвятляе шлях нашага жыцця, падтрымлівае нас у штодзённых клопатах і скіроўвае да апошняй сустрэчы з Хрыстом».
Адвэнт з’яўляецца часам чакання і надзеі, які падрыхтоўвае да «аб’яўлення Пана», што «прыйдзе напрыканцы свету і прыходзіць кожны дзень, каб, дзякуючы Яго ласцы, мы маглі рабіць дабро ў нашым жыцці і жыцці іншых», падкрэсліў Святы Айцец.
«Наш Бог — гэта Бог, які прыходзіць: Ён не расчаруе нашага чакання!
Ён прыйшоў у дакладны гістарычны момант і стаў чалавекам, каб узяць на сябе нашы грахі: Ён прыйдзе напрыканцы часоў як суддзя ўсяго, а таксама прыходзіць кожны дзень, каб адведаць свой народ, адведаць кожнага чалавека, які Яго прымае ў слове, сакрамэнтаў, братах і сёстрах», — сказаў Пантыфік.
Папа заўважыў, што «жыццё складаецца з узлётаў і падзенняў, святла і цемры» і «кожны з нас перажывае хвіліны расчаравання, паразы і разгубленасці». «Сітуацыя, якую перажываем, пазначаная пандэміяй, стварае ў многіх людзях заклапочанасць, страх і трывогу; мы рызыкуем паддацца песімізму, закрытасці і апатыі. Як мы павінны рэагаваць на ўсё гэта? — Гэта нам падказвае псальміст: “Душа наша чакае Пана: Ён — дапамога і абарона наша. Радуецца ў Ім нашае сэрца” (Пс 32, 20-21). Чаканне Пана з даверам дапамагае знайсці суцяшэнне і адвагу ў цёмныя моманты жыцця», — дадаў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што адвага і давер нараджаюцца з надзеі.
«Адвэнт — гэта няспынны заклік да надзеі: ён нагадвае нам, што Бог прысутнічае ў гісторыі, каб весці яе да сваёй галоўнай мэты і паўнаты, якой з’яўляецца Езус Хрыстус. Бог прысутнічае ў гісторыі чалавецтва, з’яўляецца “Богам з намі”, які крочыць поруч, каб падтрымліваць нас. Пан ніколі не пакідае нас; суправаджае нас у жыццёвых сітуацыях, каб дапамагаць адкрыць сэнс пілігрымавання, значэнне штодзённасці, каб напоўніць нас адвагай у выпрабаваннях і цярпеннях. Пасярод жыццёвых бураў Бог заўсёды працягвае нам руку і вызваляе ад пагрозаў», — сказаў Папа.
«Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, жанчына чакання, суправаджае нашы крокі ў гэтым новым літургічным годзе, які пачынаем, і дапаможа нам споўніць заданне вучняў Езуса, указанае апосталам Пятром: даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад нас слова пра нашу надзею», — пажадаў на заканчэнне разважання Пантыфік.