Святы Айцец моліцца за памерлага Дыего Армандо Марадону. Легендарны аргентынскі футбаліст адышоў у вечнасць 25 лістапада ў 60-гадовым узросце.
«Папа быў паінфармаваны аб смерці Дыего Марадоны. Ён з любоўю ўспамінае пра сустрэчы, якія адбыліся ў гэтыя гады, а таксама моліцца за яго, як рабіў у апошнія дні, калі даведаўся пра яго стан здароўя», — цытуе словы кіраўніка прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Папа Францішак некалькі разоў сустракаўся з Марадонай у Ватыкане.
Зорка футболу браў удзел у футбольным матчы за мір, які адбыўся ў 2014 г. у Рыме па ініцыятыве Святога Айца, а таксама ўдзельнічаў у адукацыйных праектах Папскага фонду Scholas Occurentes.
Марадона прызнаваўся, што вельмі ўдзячны Пантыфіку за любоў, павагу і клопат пра дзяцей. «Мы размаўлялі пра многія рэчы, пра неабходнасць аб’яднання футбалістаў дзеля супольнай дзейнасці на карысць дзяцей, якія галадаюць у многіх частках свету», — казаў спартовец пасля адной з сустрэч з Пантыфікам. Ён жартам называў сябе «капітанам каманды Францішка».