Пошук

13.11.2020 12:26   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйнае фота

Пра асноўныя абавязацельствы Глабальнага адукацыйнага пагаднення нагадаў Папа Францішак. Ён абагульніў іх у трох напрамках канкрэтных дзеянняў: канцэнтравацца, прымаць і залучаць.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік скіраваў адмысловы ліст да ўдзельнікаў адукацыйнага форума пад эгідай Аб’яднання генеральных настаяцеляў і Міжнароднага аб’яднання генеральных настаяцельніц, які праходзіць у анлайн-фармаце з 12 па 14 лістапада.

Па словах Папы, канцэнтравацца на важным азначае прысвяціць галоўнае месца каштоўнасці і годнасці чалавека, выявіць яго прыгажосць, унікальнасць і здольнасць падтрымліваць адносіны з іншымі і з рэчаіснасцю.

«Належная павага да асобы робіць адукацыю сродкам для росту і сталення нашых дзяцей і нашай моладзі, набыцця імі навыкаў і рэсурсаў, неабходных для пабудовы будучыні справядлівасці і міру», — адзначыў Пантыфік.

Ён дадаў, што менавіта асобы ўтвараюць грамадства і ствараюць адзінае чалавецтва, пакліканае Богам быць абраным народам.

«Для дасягнення гэтага патрэбна прыняцце. (...) Нам трэба матываваць нашых дзяцей і нашых маладых людзей вучыцца адносінам, працаваць у групе і мець эмпатычнае стаўленне, супрацьлеглае культуры адчужэння. Акрамя таго, важна, каб яны навучыліся сцерагчы наш агульны дом, абараняць яго ад эксплуатацыі рэсурсаў, прымаць больш цвярозы лад жыцця і дамагацца комплекснага выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, паважаць чалавечае і прыроднае асяроддзе, у адпаведнасці з прынцыпамі субсідыярнасці, салідарнасці і эканомікі замкнёнага цыклу», — напісаў Папа.

Ён звярнуў увагу, што кансэкраванае жыццё — важная частка Глабальнага адукацыйнага пагаднення, і паабяцаў суправаджаць малітвай працу анлайн-форуму.

Яшчэ адзін напрамак дзеянняў мае, паводле Святога Айца, вырашальнае значэнне: залучаць.

Папа адзначыў, што патрэбна платформа, якая дазволіць кожнаму актыўна ўдзельнічаць у выхаваўчай працы.

Залучэнне прадугледжвае прывіццё дзецям і маладым людзям крытычнага погляду на свет, «здольнасці разумець праблемы ў галіне эканомікі, палітыкі, росту і прагрэсу, а таксама прапаноўваць рашэнні, якія па-сапраўднаму служаць чалавеку і ўсёй чалавечай сям’і з пункту гледжання інтэгральнай экалогіі».

Інаўгурацыя Глабальнага адукацыйнага пагаднення прайшла 15 кастрычніка ў Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме. Ідэя належыць Папу Францішку. Паводле яго, сёння свету патрэбна пагадненне паміж сям’ёй, школай, радзімай і светам — паміж адукацыйнымі інстытутамі і структурамі, а ў аснове павінна ляжаць новае аб’яднанне ведаў, культуры, спорту, навукі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.