Пошук

09.11.2020 16:35   Паводле: Vatican News
Фота: Vatican News

«Калі хочам быць гатовымі да апошняй сустрэчы з Панам, мы павінны неадкладна пачаць супрацоўнічаць з Ім і рабіць добрыя справы, натхнёныя Яго любоўю», — сказаў Папа Францішак перад малітвай «Анёл Панскі» 8 лістапада ў Ватыкане.

Словы Пантыфіка прыводзіць беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Евангельскае чытанне на гэтую нядзелю запрашае нас працягнуць разважанне пра вечнае жыццё, якое пачалі з нагоды ўрачыстасці Усіх Святых і ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Езус распавёў прыпавесць пра дзесяць паннаў, запрошаных на вяселле, якое з’яўляецца сімвалам Нябеснага Валадарства», — нагадаў пастыр паўсюднага Касцёла.

«У часы Езуса быў звычай святкавання вяселля ноччу; таму шэсце запрошаных павінна было адбывацца пры запаленых светачах.

Некаторыя панны былі неразумныя: яны ўзялі светачы, але не ўзялі алей; мудрыя ж, наадварот, разам са светачамі ўзялі таксама і алей.

Жаніх спазняўся, і ўсе паснулі.

Калі голас абвясціў, што жаніх вяртаецца, неразумныя ўбачылі, што не маюць алею для сваіх светачаў, і спыталі яго ў мудрых, але тыя адказалі, што не могуць ім даць, бо тады не хопіць усім. Калі ж неразумныя пайшлі купляць алею, прыйшоў жаніх. Мудрыя дзяўчыны ўвайшлі разам з ім у святочную залу, і зачыніліся дзверы. Іншыя прыйшлі запозна і былі прагнаны», — адзначыў Папа Францішак.

Паводле Святога Айца, з дапамогай гэтай прыпавесці Езус хоча сказаць, што мы павінны быць гатовымі да сустрэчы з Ім. «Не толькі да апошняй сустрэчы, але і да малых і вялікіх штодзённых сустрэч, якія падрыхтоўваюць тую сустрэчу, для якой не дастаткова толькі светачу веры, але патрэбны таксама алей любові і добрыя ўчынкі. Як кажа апостал Павел, вера, якая па-сапраўднаму яднае нас з Езусам, — гэта вера, якая “дзейнічае праз любоў” (Гал 5, 6)», — сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што менавіта гэта паказвае падыход мудрых жанчын. 

«Быць мудрымі і разважлівымі не значыць чакаць апошняга моманту для таго, каб адказаць на ласку Бога, але рабіць гэта адразу…

Калі хочам быць гатовымі да апошняй сустрэчы з Панам, мы павінны неадкладна пачаць супрацоўнічаць з Ім і рабіць добрыя справы, натхнёныя Яго любоўю», — дадаў ён.

Папа падкрэсліў, што калі мы забываем пра мэту нашага жыцця, гэта значыць пра апошнюю сустрэчу з Богам, тады губляем сэнс чакання і абсалютызуем сучаснасць.

«Такі падыход перашкаджае нам думаць пра тое, што будзе пасля жыцця: мы робім усё такім чынам, нібыта ніколі не павінны будзем адправіцца ў іншае жыццё. У такім выпадку нас хвалюе толькі валоданне, узвышэнне, упарадкаванне… Калі будзем кіравацца тым, што нам здаецца найбольш прывабным, пошукам нашай выгады, тады наша жыццё стане бясплённым; не назбіраем алею для нашага светачу і ён пагасне яшчэ да сустрэчы з Панам (…).

Калі ж будзем пільнымі і будзем рабіць дабро, адказваючы на Божую ласку, тады зможам спакойна чакаць прыйсця жаніха.

Тады Пан зможа прыйсці нават калі будзем спаць: гэта не будзе нас турбаваць, бо будзем мець дастаткова алею, назапашанага з дапамогай штодзённых добрых учынкаў», — дадаў Пантыфік.

«Папросім аб заступніцтве Найсвяцейшай Марыі, каб дапамагла нам жыць дзейснай верай, як жыла Яна. Такая вера — гэта запалены светач, з якім можам прайсці далей за ноч смерці і патрапіць на вялікае свята жыцця», — завяршыў сваё разважанне Папа.

Абноўлена 09.11.2020 16:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця