Падчас малітвы «Анёл Панскі» 18 кастрычніка ў Ватыкане Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што пакліканне кожнага хрысціяніна — актыўна прысутнічаць у жыцці грамадства, натхняючы яго Евангеллем.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік адзначыў, што чытанне Евангелля на гэтую нядзелю (Мц 22, 15-21) паказвае Езуса, які сутыкнуўся з крывадушнасцю сваіх ворагаў. Спачатку яны рабілі Хрысту шмат кампліментаў, а потым задалі падступнае пытанне, каб паставіць Яго ў складаную сітуацыю і дыскрэдытаваць перад народам: «Ці належыць даваць падатак цэзару, ці не?»
Папа нагадаў, што ў той час у Палестыне ўлада Рымскай імперыі ўспрымалася кепска, у тым ліку па рэлігійнай прычыне.
Для насельніцтва культ імператара, які падкрэсліваўся таксама яго выявай на манеце, быў абразай Бога Ізраэля.
Суразмоўцы Езуса былі перакананыя, што не можа быць альтэрнатывы адказу на іх пытанне: або «так», або «не». Яны былі ўпэўнены, што гэтым пытаннем прымусяць Езуса трапіць у пастку. Але Ён ведаў пра іх злыя намеры і абмінуў падман. Хрыстус папрасіў іх паказаць падатковую манету, узяў яе ў рукі і спытаў, чыя выява на ёй змешчана. Яны адказалі, што гэта выява цэзара, што значыць імператара. Тады Езус сказаў ім: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
«Гэтым адказам Езус паставіў сябе па-над палемікай. Езус заўсёды па-над палемікай. З аднаго боку, Ён прызнаў, што падатак цэзару трэба плаціць — гэта датычыцца таксама ўсіх нас, — бо на манеце ягоная выява, але, перш за ўсё, нагадаў, што кожны чалавек носіць у сабе іншую выяву — мы носім яе ў сэрцы і душы — выяву Бога, і таму менавіта Яму, і толькі Яму, усе абавязаны ўласным існаваннем, уласным жыццём», — сказаў Святы Айцец.
«У гэтым адказе Езуса не толькі знаходзіцца крытэрый для адрознення паміж палітычнай і рэлігійнай сферамі, але становяцца выразнымі і арыенціры для місіі вернікаў ва ўсе часы, таксама і для нас сёння»,
— дадаў Папа.
«Плата падаткаў — гэта абавязак грамадзян, як і выкананне справядлівых дзяржаўных законаў. У той жа час, неабходна сцвярджаць першаснасць Бога ў чалавечым жыцці і гісторыі, паважаючы права Бога на тое, што належыць Яму», — падкрэсліў ён.
«Адсюль паходзіць місія Касцёла і хрысціян: казаць пра Бога і сведчыць пра Яго перад людзьмі свайго часу. Кожны з нас, у сілу хросту, пакліканы актыўна прысутнічаць у жыцці грамадства, натхняючы яго Евангеллем і жыццядайнымі сокамі Святога Духа.
Гаворка ідзе пра тое, каб дзейнічаць з пакорай, а ў той жа час з адвагай, робячы ўласны ўнёсак у будаванне цывілізацыі любові, дзе пануюць справядлівасць і братэрства»,
— нагадаў Папа.
«Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам пазбягаць крывадушнасці і быць сумленнымі і канструктыўнымі хрысціянамі. Няхай падтрымлівае нас, вучняў Хрыстовых, у місіі сведчання аб тым, што Бог — цэнтр і сэнс жыцця», — пажадаў на заканчэнне разважання пастыр паўсюднага Касцёла.