У разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 4 кастрычніка Папа Францішак прааналізаваў прыпавесць пра нядобрасумленных вінаградараў (Мц 21, 33-43), якую Езус распавёў, прадбачачы сваю муку і смерць. Такім чынам Збаўца хацеў наставіць першасвятароў і кніжнікаў, якія шукалі спосабу знішчыць Яго.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Пантыфік, нагадваючы змест евангельскай прыпавесці, адзначыў, што гаспадар даручае свой вінаграднік арандатарам.
Потым, падчас збору ўраджаю, гаспадар пасылае слуг сабраць плёны, але вінаградары вітаюць слуг палкамі, а некаторых забіваюць.
Ён пасылае іншую групу, больш шматлікую, якая атрымлівае такі ж прыём.
Кульмінацыйны момант наступае тады, калі ўладальнік вырашае паслаць свайго сына. Вінаградары не толькі не ставяцца да яго з павагай, але думаюць, што, ліквідаваўшы яго, змогуць захапіць вінаграднік, таму забіваюць і яго.
«Гэтай вельмі жорсткай прыпавесцю Езус ставіць сваіх суразмоўцаў перад адказнасцю, і Ён робіць гэта надзвычай ясна. Але не варта думаць, што папярэджанне датычыцца толькі тых, хто тады адхіліў Езуса. Яно дзейнічае ў любы час, у тым ліку і ў наш. І сёння Бог чакае плёнаў свайго вінаградніку ад тых, каго паслаў працаваць у ім», — заўважыў Пантыфік.
Ён дадаў, што «ў любую эпоху ў тых, хто мае ўладу над Божым народам, можа ўзнікнуць спакуса служыць уласным інтарэсам, а не інтарэсам самога Бога».
«Але вінаграднік належыць Пану, а не нам. Улада — гэта служэнне, і як такое яно павінна ажыццяўляцца дзеля дабра ўсіх і для распаўсюджвання Евангелля», — падкрэсліў Папа.
Пантыфік нагадаў парады св. Паўла ў Пасланні да Філіпянаў тым, хто хоча заставацца добрымі працаўнікамі ў вінаградніку Пана: «што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце» (Флп 4, 8).
«Так мы станем Касцёлам, багатым на плён святасці, так мы будзем аддаваць хвалу Айцу, Які любіць нас з бясконцай пяшчотай, Сыну, Які працягвае нам дарыць збаўленне, Духу, Які адкрывае нашыя сэрцы і штурхае нас да паўнаты дабра», — сказаў Папа, завяршаючы разважанне.