Пошук

30.09.2020 14:35   Паводле: Vatican News
Фота: Сatholicregister.org

«Нармальнасць, да якой мы пакліканы, — гэта нармальнасць Божага Валадарства», дзе ўсім хапае хлеба, а «сацыяльная арганізацыя грунтуецца на ўнёску, дзяленні і размеркаванні», адзначыў Святы Айцец на агульнай аўдыенцыі 29 верасня ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, падчас аўдыенцыі Пантыфік працягнуў цыкл катэхез аб наступствах пандэміі і хрысціянскіх спосабах выйсця з выкліканага ёй крызісу.

Папа нагадаў, што хрысціяне запрошаны наследаваць Езуса Хрыста, які «збаўляе і аздараўляе свет» і, вылечваючы фізічныя хваробы, ачышчае душы, выкараняе «сацыяльныя пакуты».

Пастыр паўсюднага Касцёла дадаў, што толькі Езус адорвае патрэбнымі ласкамі, «каб любіць і лячыць, як Ён сам умеў рабіць, каб клапаціцца пра ўсіх, не зважаючы на расу, мову або нацыянальнасць».

«Каб так магло стацца, трэба заўважаць і цаніць прыгажосць кожнага чалавека і кожнага стварэння»,

— перакананы Папа Францішак.

Ён заахвоціў памятаць, што кожны з нас быў зачаты ў сэрцы Бога (гл. Эф 1, 3-5), кожны з нас жаданы, каханы і патрэбны (гл. Laudato si’, 65). Па яго словах, «вызнанне гэтай праўды і ўдзячнасць за глыбокія сувязі нашай універсальнай супольнасці з усімі людзьмі і стварэннямі» выклікаюць «шчодры і сардэчны клопат» (Laudato si’, 220), дапамагаюць убачыць Хрыста ў бедных і церпячых, сустрэцца з імі і пачуць іх крык і крык зямлі.

Пантыфік заклікаў хутчэй распрацаваць палітыку і сістэмы сацыяльнай арганізацыі, якія б заахвочвалі да ўдзелу, клопату і велікадушнасці, не пакідаючы месца абыякавасці, злоўжыванням і прыватным інтарэсам.

Толькі так, адзначыў ён, можна адрадзіць грамадства і больш не вяртацца да «нармальнасці», «хворай на несправядлівасць, няроўнасць і экалагічны заняпад».

«Нармальнасць, да якой мы пакліканы, — гэта нармальнасць Божага Валадарства», дзе ўсім хапае хлеба, дзе «сацыяльная арганізацыя грунтуецца на ўнёску, дзяленні і размеркаванні, а не на валоданні, выключэнні і накапленні», заўважыў Святы Айцец.

«Каб выйсці з пандэміі, мы павінны вынайсці лячэнне не толькі каранавірусу, але таксама вялікіх чалавечых і сацыяльна-эканамічных вірусаў.

І, канешне, мы не можам чакаць, што нашыя праблемы вырашыць эканамічная мадэль, якая ляжыць у аснове несправядлівага і няўстойлівага развіцця»,

— сказаў Папа Францішак.

Пантыфік даручыў «шлях аздараўлення» ад сацыяльна-эканамічных «вірусаў» заступніцтву Беззаганнай Дзевы Марыі і пажадаў, каб Бог дапамог чалавецтву «заразіцца» любоўю і распаўсюджваць надзею ў святле веры.

Абноўлена 30.09.2020 15:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа