Пошук

21.09.2020 12:50   Паводле: Vatican News
Фота: North Star

Адчуваць радасць ад паклікання працаваць на карысць Божага Валадарства — такое пажаданне выказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве «Анёл Панскі», якая прайшла 20 верасня на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра работнікаў, якіх гаспадар паклікаў працаваць у свой вінаграднік (Мц 20, 1-16). Па словах Пантыфіка, з дапамогай гэтага апавядання Езус хоча паказаць, як дзейнічае Бог.

Паводле Папы Францішка, евангельскі гаспадар — вобраз Бога, які кліча ўсіх і кліча заўсёды.

«Бог робіць гэта таксама і сёння: Ён працягвае клікаць кожнага, у кожны час, запрашаючы працаваць у Яго Валадарстве. Гэта стыль Бога, які мы пакліканы распазнаваць і прымаць. Ён не закрыўся ў сваім свеце, а пастаянна выходзіць. Бог заўсёды выходзіць, шукаючы людзей, бо хоча, каб ніхто не застаўся выключаным з Яго задумы любові», — сказаў пастыр паўсюднага Касцёла.

Пантыфік падкрэсліў, што таксама і хрысціянскія супольнасці пакліканы выходзіць за рознага роду «межы», якія могуць існаваць, каб несці ўсім слова збаўлення, якое прынёс Езус.

«Гаворка ідзе пра тое, каб адкрыцца на гарызонты жыцця, якія дораць надзею людзям, што засталіся на экзістэнцыяльных перыферыях і яшчэ не спазналі або згубілі сілу і святло сустрэчы з Хрыстом. Касцёл павінен быць як Бог — заўсёды выходзіць насустрач людзям.

Калі Касцёл не робіць гэтага — становіцца хворым»,

— дадаў ён.

Гаворачы пра аплату працы работнікам вінаградніку, Папа заўважыў, што гаспадар дамовіўся з тымі, якія працавалі ад раніцы, аб заробку ў адзін дынар за дзень. Тым, якія прыйшлі пазней, ён сказаў: «Я справядліва заплачу вам» (Мц 20, 4), а напрыканцы дня загадаў даць ім такую ж плату — адзін дынар. Работнікі, якія працавалі з раніцы, абурыліся, але гаспадар настойваў на максімальнай плаце для ўсіх, нават для тых, хто прыйшоў апошнім. Бог заўсёды плаціць па-максімуму, адзначыў Пантыфік.

«І тут становіцца зразумелым, што Езус кажа не пра працу і справядлівы заробак, але пра Божае Валадарства і пра дабрыню Нябеснага Айца, які няспынна кліча і плаціць па-максімуму ўсім», — сказаў Папа.

«Бог насамрэч робіць так: Ён глядзіць не на час і вынікі, а на гатоўнасць і шчодрасць, з якой служым Яму.

Яго ўчынкі больш чым справядлівыя. Яны пераўзыходзяць справядлівасць і аб’яўляюцца ў ласцы.

Усё — ласка. Наша збаўленне — ласка, наша святасць — ласка. Дорачы нам ласку, Ён плаціць нам, больш, чым мы заслугоўваем. І тады той, хто кіруецца чалавечай логікай, гэта значыць заслугамі, здабытымі дзякуючы ўласнай спрытнасці, з першага ператвараецца ў апошняга… Хто з пакорай перад міласэрнасцю Айца давяраецца Яму, з апошняга ператвараецца ў першага», — сцвердзіў Святы Айцец.

«Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам кожны дзень адчуваць радасць і захапленне ад таго, што з’яўляемся пакліканымі Богам працаваць для Яго на Яго полі, якім ёсць свет, у Яго вінаградніку, якім ёсць Касцёл, а таксама мець у якасці адзінай аплаты Яго любоў, сяброўства Езуса, які ёсць усім для нас», — завяршыў сваё разважанне Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця