Пошук

16.09.2020 14:42   Паводле: Vatican News
Фота: Romewise.com

Сузіранне і клопат — шлях да выпраўлення і аднаўлення раўнавагі ў нашых адносінах са стварэннем, заўважыў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая 16 верасня прайшла ў Ватыкане.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец, працягваючы цыкл катэхез аб наступствах пандэміі каранавірусу, звярнуў увагу на важнасць клопату пра бліжніх і Божае стварэнне. Паводле яго, здольнасць браць на сябе клопат пра іншых — залатое правіла нашай чалавечнасці, вынікам якога з’яўляюцца здароўе і надзея.

«Гэтым клопатам мы павінны агарнуць таксама наш супольны дом: зямлю і кожнае стварэнне. Усе формы жыцця ўзаемазвязаны, а наша здароўе залежыць ад здароўя экасістэм, якія Бог стварыў і аб якіх нам загадаў клапаціцца. Злоўжыванне імі — цяжкі грэх, які нясе шкоду, вядзе да зла і хваробаў.

Лепшым супрацьяддзем ад такога неналежнага выкарыстання нашага супольнага дому з’яўляецца сузіранне»,

— зазначыў Пантыфік.

Па яго словах, калі людзі не ўмеюць спыніцца, захапляючыся прыгажосцю стварэння, яно становіцца прадметам эксплуатацыі. Але наш супольны дом — гэта не проста «рэсурс»: любое стварэнне каштоўнае само па сабе, «адлюстроўваючы, кожнае па-свойму, святло бясконцай мудрасці і дабрыні Бога».

«Гэтую каштоўнасць і гэтыя промні Боскага святла трэба заўважаць, а каб зрабіць гэта, трэба суцішыцца, слухаць і сузіраць», — параіў Папа.

Без сузірання, дадаў ён, можна з лёгкасцю ўпасці ў неўраўнаважаны і высакамерны антрапацэнтрызм, які пераацэньвае ролю чалавека, ставячы яго на месца абсалютнага ўладара ўсіх іншых стварэнняў. Скажоная інтэрпрэтацыя біблійных тэкстаў аб стварэнні паспрыяла з’яўленню такога памылковага погляду, які прывёў да эксплуатацыі зямлі, адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла.

«Мы лічыць сябе цэнтрам, прэтэндуем заняць месца Бога і такім чынам парушаем гармонію стварэння, гармонію Божай задумы. Мы становімся драпежнікамі, забываючы пра наша пакліканне абаронцаў жыцця. Вядома, мы можам і павінны апрацоўваць зямлю, каб жыць і развівацца.

Але праца — не сінонім эксплуатацыі. Яна заўсёды павінна суправаджацца клопатам: араць і абараняць, апрацоўваць і клапаціцца…

Вось наша місія. Мы не можам прэтэндаваць на рост матэрыяльнага ўзроўню без клопату пра супольны дом, які нас прымае. Нашы самыя бедныя браты і наша Маці Зямля стогнуць ад шкоды і несправядлівасці, якія мы чынім, і заклікаюць змяніць кірунак, заклікаюць нас да навяртання: клапаціцца пра зямлю, пра стварэнне», — сцвердзіў Пантыфік.

Папа заклікаў аднавіць сузіральнае вымярэнне, каб заўважаць у іншых людзях і прыродзе каштоўнасць, якой іх надзяліў Бог. Многія духоўныя настаўнікі вучылі, што неба, зямля, мора і кожнае стварэнне валодаюць містычнай здольнасцю весці да Стварыцеля і адзінства са стварэннем, нагадаў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу, што сузіранне, якое вядзе да клопату, не азначае вонкавага позірку на прыроду, але здзяйсняецца знутры, з прызнаннем сябе часткай стварэння, становячыся галоўнымі дзеючымі асобамі, а не простымі гледачамі аморфнай рэальнасці, прызначай выключна для яе эксплуатавання.

Хто сузірае такім чынам, не толькі адчувае захапленне тым, што бачыць, але таксама адчувае сябе неад’емнай часткай гэтай прыгажосці, адчувае сябе пакліканым ахоўваць і абараняць яе, заўважыў Пантыфік.

«Чалавек, які ўмее сузіраць, з большай лёгкасцю ўключыцца ў справу змены таго, што прыносіць заняпад і шкоду здароўю. Ён будзе вучыць і спрыяць прасоўванню новых звычак у сферы вытворчасці і спажывання, будзе спрыяць новым мадэлям эканамічнага росту, якія забяспечаць павагу на супольнага дома і людзей. Чалавек, які сузірае, у сваіх дзеяннях імкнецца стаць абаронцам стварэння, (…) спрабуючы злучыць спрадвечныя веды тысячагадовых культур з новымі тэхнічнымі ведамі, каб наш лад жыцця станавіўся ўстойлівым», — дадаў Папа.

Паводле Святога Айца, сузіранне і клопат вызначаюць шлях да выпраўлення і аднаўлення раўнавагі ў нашых адносінах са стварэннем. Людзі, якія ідуць гэтым шляхам, становяцца «абаронцамі» супольнага дома, ахоўнікамі жыцця і надзеі. Яны абараняюць спадчыну, давераную Богам, каб ёй маглі радавацца будучыя пакаленні.

Пантыфік выказаў падзяку карэнным народам, шматлікім рухам і асацыяцыям за працу па ахове стварэння. Яны, па яго словах, не заўсёды ацэнены належным чынам, а часам сустракаюцца з перашкодамі, але на самой справе спрыяюць мірнай рэвалюцыі, «рэвалюцыі клопату».

«Не трэба дэлегаваць толькі некаторым людзям тое, што з’яўляецца абавязкам кожнага чалавека.

Кожны з нас можа і павінен стаць “ахоўнікам супольнага дома”, здольным праслаўляць Бога за Яго стварэнне, сузіраць і абараняць яго», — завяршыў катэхезу Папа Францішак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа