Апостальская Сталіца ўключылася ў справу арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому не было дазволена вярнуцца ў Беларусь і чый пашпарт быў прызнаны несапраўдным. Гэта пацвердзіў у размове з журналістамі Дзяржсакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, кардынал дадаў, што гэтаму служыў таксама візіт у Мінск Сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту Святога Пасаду арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера. Кардынал яшчэ не ведае вынікаў гэтага візіту.
«У любым выпадку мы настойваем на тым, каб біскуп мог вярнуцца ў сваю дыяцэзію і працягваць кіраваць сваёй паствай», — адзначыў кардынал Паралін. Адначасова ён дадаў, што Касцёл заўсёды павінен быць «фактарам дыялогу, паяднання і міру».
Падчас сустрэч з арцыбіскупам Галахерам прадстаўнікі ўладаў узнавілі запрашэнне для Папы Францішка прыехаць у Беларусь, перад гэтым зробленае ўжо ў 2016 г.
«Беларусь заўсёды выказвала вялікую зацікаўленасць візітам Папы», — падкрэсліў Дзяржсакратар Яго Святасці. Аднак гэтыя планы не былі канкрэтызаваны, а зараз пандэмія каранавірусу, па словах іерарха, «заблакавала ўсё», невядома, на які час.
«Думаю, што гэта адзін з візітаў, які Папа разгледзіць», — сказаў кардынал.