«Колькіх пакутаў, ранаў, войнаў можна было б пазбегнуць, калі б прабачэнне і міласэрнасць заставаліся нашым ладам жыцця!» — сказаў Папа ў разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» 13 верасня.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, пастыр паўсюднага Касцёла спаслаўся на евангельскі ўрывак (Мц 18, 21-35) Літургіі слова XXIV звычайнай нядзелі, які змяшчае прыпавесць пра неміласэрнага даўжніка.
Пантыфік нагадаў, што асновай гэтага ўрыўку з'яўляецца спагадлівасць валадара да слугі, які быў вінен яму.
Слуга, у сваю чаргу, у адносінах да свайго сабрата, які быў вінен яму невялікую суму, паступіў бязлітасна.
Папа звярнуў увагу, што ў евангельскім тэксце можна ўбачыць стаўленне Бога, дзе справядлівасць прасякнута міласэрнасцю, і чалавечае стаўленне, якое застаецца абмежаваным справядлівасцю.
«Езус заклікае нас смела адкрыцца на моц прабачэння, бо не ўсё ў жыцці вырашаецца справядлівасцю», — сказаў Святы Айцец.
Ён заахвоціў кіравацца міласэрнай любоўю на ўсіх узроўнях.
«Ва ўсіх міжасобасных адносінах неабходна ўжываць міласэрную любоў: паміж мужам і жонкай, паміж бацькамі і дзецьмі, у нашых супольнасцях, а таксама ў грамадстве і палітыцы»,
— адзначыў Папа.
Пантыфік спаслаўся на словы малітвы «Ойча наш» і падкрэсліў, што чалавек не можа патрабаваць ад Бога прабачэння, калі сам не даруе бліжняму. Ён заклікаў усведамляць, наколькі мы абавязаны Богу, і заўсёды памятаць пра гэта, каб трымаць душу адкрытай для міласэрнасці і дабра.