Пошук

02.09.2020 15:37   Паводле: Vatican News
Фота: Vatican News

Салідарнасць, якая кіруецца верай, дазваляе нам выразіць Божую любоў у глабалізаванай культуры, і сярод крызісаў і бур Пан заклікае нас да такой салідарнасці, сказаў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 2 верасня.

Як паведамляе беларуская рэдацыя парталу Vatican News, у гэты дзень ва ўнутраным дворыку ватыканскага Апостальскага палаца адбылася першая агульнай аўдыенцыя з удзелам вернікаў пасля вымушанага перапынку, звязанага з пандэміяй. На працягу некалькіх месяцаў аўдыенцыі адбываліся ў фармаце відэатрансляцыі.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны наступствам пандэміі каранавірусу, Пантыфік звярнуў увагу на тое, што яна паказала моцную ўзаемазалежнасць паміж усімі людзьмі. «Каб выйсці лепшымі з гэтага крызісу, мы павінны зрабіць гэта ўсе разам, у духу салідарнасці», — падкрэсліў Папа.

Ён нагадаў пра агульнае паходжанне чалавечай сям’і, адзіны супольны дом, у якім Бог пасяліў людзей, і адзінае прызначэнне ў Хрысце.

Па словах пастыра паўсюднага Касцёла, калі забываем пра ўсё гэта, наша ўзаемазалежнасць становіцца залежнасцю адных ад другіх, павялічваецца няроўнасць і адчужэнне, аслабляюцца сацыяльныя сувязі, наносіцца шкода навакольнаму асяроддзю.

«Таму прынцып салідарнасці сёння як ніколі неабходныя, як вучыў святы Ян Павел ІІ. Ва ўзаемазвязаным свеце мы адчуваем, што значыць жыць у адной “глабальнай вёсцы”. Свет — гэта не што іншае, як глабальная вёска, бо ў ім усё ўзаемазвязанае, аднак мы не заўсёды перамяняем гэтую ўзаемазалежнасць у салідарнасць. Паміж узаемазалежнасцю і салідарнасцю доўгі шлях. Эгаізм — індывідуальны, нацыянальны і груп улады, — і ідэалагічная цвёрдасць, наадварот, умацоўваюць “структуры граху”», — сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што слова «салідарнасць» крыху прыцерлася і часам неадпаведна інтэрпрэтуецца, але значыць нашмат больш, чым нейкі адзінкавы жэст шчодрасці.

Салідарнасць патрабуе «фарміравання новага менталітэту, які кіруецца паняццямі супольнасці, прыярытэту жыцця ўсіх над маёмасцю некаторых».

«Гэта не толькі пытанне дапамогі іншым: гаворка ідзе пра справядлівасць. Узаемазалежнасць, каб быць салідарнай і даваць плён, патрабуе моцнай укаранёнасці ў чалавечнасці і прыродзе, створаных Богам, патрабуе пашаны да абліччаў і зямлі», — дадаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што Біблія з самага пачатку папярэджвае нас аб наступствах ігнаравання сувязі з чалавецтвам, стварэннем і Стварыцелем. Ён паставіў у прыклад гісторыю пра Вавілонскую вежу. У такім выпадку знішчаецца еднасць паміж людзьмі, культурнае багацце, біяразнастайнасць і экалагічная раўнавага.

Пантыфік нагадаў вернікам сярэднявечнае апавяданне, якое апісвае «вавілонскі сіндром». Яно кажа, што падчас будаўніцтва вежы, калі чалавек падаў і гінуў, ніхто не казаў нічога. Але, калі падала і разбівалася цагліна, усе наракалі, бо яна каштавала больш за чалавечае жыццё.

«На жаль, таксама і сёння адбываецца штосьці падобнае. Падаюць некалькі пунктаў на фінансавым рынку — і гэтая навіна з’яўляецца ва ўсіх інфармацыйных агенцтвах. Гінуць тысячы людзей ад голаду, а пра гэта не кажа ніхто», — з жалем канстатаваў Папа.

«Дыяметральна супрацьлеглай Вавілону з’яўляецца Пяцідзясятніца. Святы Дух, сыходзячы з вышыні як вецер і агонь, трапляе да супольнасці, закрытай у вячэрніку, напаўняе яе Божай сілай, падштурхоўвае выйсці і абвяшчаць усім Пана Езуса.

Дух стварае адзінства ў разнастайнасці, стварае гармонію… Бліжні — гэта не проста прылада, “працоўная сіла”, але паўнапраўны ўдзельнік будавання супольнасці.

Святы Францішак Асізскі добра ведаў пра гэта і, натхнёны Святым Духам, называў усіх людзей, а нават і ўсе стварэнні, братамі ці сёстрамі», — заўважыў Папа.

Ён нагадаў, што праз Пяцідзясятніцу Бог аб’явіўся і запаліў веру супольнасці, з’яднанай у разнастайнасці і салідарнасці.

«Салідарная разнастайнасць мае “антыцелы”, неабходныя для таго, каб унікальнасць кожнага – якая з’яўляецца дарам, адзіным і непаўторным — не стала хворай на індывідуалізм і эгаізм. Салідарная разнастайнасць мае антыцелы, неабходныя для таго, каб аздараўляць сацыяльныя структуры і працэсы, што ўзнікаюць у сістэмах несправядлівасці і прыгнёту. Такім чынам, салідарнасць сёння — гэта шлях, якім трэба ісці да пасляпандэмічнага свету, да аздараўлення нашых міжасобасных і сацыяльных хваробаў», — сцвердзіў Пантыфік.

Па яго словах, «салідарнасць, якая кіруецца верай, дазваляе нам выразіць Божую любоў у нашай глабалізаванай культуры, не будуючы вежаў ці муроў, якія ствараюць падзелы, а потым разбураюцца, але ствараючы супольнасць і падтрымліваючы працэсы па-сапраўднаму чалавечага і сацыяльнага росту».

«Пасярод крызісаў і бур Пан звяртаецца да нас і запрашае абуджаць і ажыўляць салідарнасць, здольную даваць трываласць, падтрымку і сэнс у гэты час, калі, здаецца, усё церпіць бедства.

Няхай крэатыўнасць Святога Духа заахвочвае нас да вынаходніцтва новых формаў сямейнай гасціннасці, плённага братэрства і паўсюднай салідарнасці», — пажадаў у канцы катэхезы Папа.

Абноўлена 02.09.2020 15:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.